У Віцебску адзначылі 85-я ўгодкі Рыгора Барадуліна



Апошні Народны паэт Беларусі пакінуў гэты свет 2-га сакавіка 2014 года, але для чытачоў і ўсіх, хто быў з ім знаёмы, Рыгор Барадулін па-ранейшаму жывы. Гэтая думка была лейтматывам сустрэчы, якая прайшла 24 лютага, у дзень народзінаў паэта-земляка, у віцебскай абласной бібліятэцы.

Паэзія Рыгора Барадуліна заўжды будзе актуальная, бо яна паходзіць з адвечных каштоўнасцяў, лічыць літаратуразнаўца Ірына Саматой:

– У адным з інтэрв’ю ён сказаў: «маці і мова – дзве асновы паэзіі». Яго паэзія вельмі нацыянальная, бо яна – ад маці, ад нацыянальных каранёў. Гэта і высока грамадзянская лірыка, гэта і кранальная інтымная лірыка, і вершы філасофскага складу. Гэта для любога чытача паэзія, і на ўсе часы.

Падчас літаратурна-музычнай імпрэзы «Я сын зямлі…» выступоўцы прыгадвалі не толькі Рыгора Барадуліна-паэта, але і проста дзядзьку Рыгора, чулага і спагаднага чалавека.

Паэтка Людміла Сіманёнак прыгадвае, як 25 год таму ў віцебскім педагагічным інстытуце адзначалі ягонае 60-годдзе:

– Усяго тры месяцы заставалася да рэферэндуму, і тады пачыналіся маніпуляцыі грамадскай свядомасцю – каб людзі паставілі подпісы за тое, што беларуская мова ў якасці асноўнай дзяржаўнай ім не патрэбна. Я памятаю, як Рыгора Іванавіча гэта хвалявала, і дзякуй яму вялікі, што ён у той час на ленаваўся вось так ездзіць па краіне і вельмі адкрыта размаўляць!

Для прысутных гучалі вершы і песні на словы Народнага паэта Беларусі, дэманстраваліся рэдкія дакументальныя відэаздымкі, зробленыя, у тым ліку і ў Віцебску.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя