У Віцебску павіншавалі самых юных беларускіх казачнікаў



У абласной бібліятэцы адбылося падсумаванне вынікаў конкурсу “Казка-цудоўная краіна”, арганізаваны Віцебскай абласной філіяй Саюза беларускіх пісьменнікаў супольна з тэатрам “Лялька” і мясцовымі курсамі  “Мова нанова”.

Да ўдзелу былі запрошаны школьнікі з Віцебшчыны ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, а самае галоўнае патрабаванне да юных літаратараў – каб свае казкі яны напісалі на роднай мове. На разгляд журы было даслана 90 твораў, кажа старшыня Віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Настасся Лазебная:

– Разглядалі 85 казак, бо некаторыя не адпавядалі ўмовам конкурсу. І вызначылі 24 пераможцы. Саюз беларускіх пісьменнікаў перадаў ім цудоўныя кніжкі, майкі з беларускім алфавітам, і кожнаму мы паклалі ў пакецікі “салодкі сняжок”, бо сапраўднага снегу яшчэ няма – зефір.

Перад пачаткам конкурсу Настасся Лазебная паабяцала, што некаторыя пераможцы атрымаюць падарункі ад яе асабіста. І абяцанне стрымала: уласнаруч зрабіла малюнкі ў тэхніцы “батык” і аздобіла імі маленькія падушачкі. Адзін з такіх незвычайных падарункаў паедзе ў Мёрскі раён. Чацвёра пераможцаў з Мёршчыны не змаглі прыехаць на ўрачыстую імпрэзу ў Віцебск, і ўзнагароды ім адвязе зямляк, вядомы беларускі празаік Франц Сіўко:

– Разам, пэўна, з аддзелам адукацыі раённым, з настаўнікамі мы хочам сабрацца разам, падрыхтаваць добрую культурніцкую праграму. Перадамо ўзнагароды нашым пераможцам і паслухаем іх – дамо магчымасць, што называецца,”прычасціцца” да свету прыгожага пісьменства.

У Віцебскай абласной бібліятэцы для пераможцаў конкурсу таксама падрыхтавалі праграму з удзелам маленькіх артыстаў – вучняў сярэдняй школы №33. Павіншавалі юных літаратараў і вядомыя дарослыя творцы – старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і ягоны намеснік Усевалад Сцебурака, мастацкі кіраўнік тэатра “Лялька”, рэжысер Віктар Клімчук, паэтка Людміла Сіманёнак.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя