У Віцебску пройдзе першая беларускамоўная гульня “Што? Дзе? Калі?”



Нягледзячы на тое, што Віцебскі інтэлектуальны клуб быў заснаваны ў 1994-м годзе, і з таго часу ў горадзе гуляюць у “Што? Дзе? Калі?”, беларускамоўная гульня пройдзе ўпершыню.

Для ўдзельнікаў падрыхтавана 30 пытанняў, аўтарамі якіх з’яўляюцца Аляксей Палявы з Гомеля і Дзяніс Рыбачук з Берасця. Пытанні разлічаны на каманды пачаткоўцаў, і паспрабаваць сябе ў гэтай гульні вырашыла нават адна са школьных камандаў, кажа віцебскі рэгіянальны прадстаўнік Беларускай лігі інтэлектуальных камандаў Сяргей Януковіч:

– Пытанні нескладаныя, некаторыя з іх будуць зразумелымі нават для жыхароў іншай краіны. А некаторыя будуць вымагаць для адказу, каб удзельнікі гульні валодалі беларускай мовай і цікавіліся роднай гісторыяй і культурай.

У беларускамоўнай гульні плануюць паўдзельнічаць і некалькі камандаў сталых гульцоў, якія запрасілі да сябе дзеля “падмацавання” беларускамоўных сяброў і знаёмых. Увогуле ж на сённяшні дзень заявак на ўдзел пададзена ўсяго 4. Гэта няшмат, бо звычайна на інтэлектуальныя гульні ў арт-пабе “Торвальд” збіраюцца 10 і больш камандаў. Але Сяргей Янукевіч мяркуе, што да нядзелі ахвотных гуляць будзе больш, бо інтэлектуальныя гульні ў Віцебску карыстаюцца папулярнасцю. Толькі ў межах курсаў “Мова нанова” ўжо двойчы праходзілі беларускамоўныя паб-квізы, і такі фармат заняткаў вельмі спадабаўся ўдзельнікам.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя