У Віцебску разбураецца помнік Уладзіміру Караткевічу
Праблема навідавоку: паміж скульптурнай выявай і пастаментам утварылася вялікая дзірка.
Прычым ужо не ўпершыню: помнік прастаяў з такім самым дэфектам тры гады, перш чым у 2011-м годзе адтуліну заладавалі бляхай. Але часовы рамонт сітуацыю не выправіў. Дзірка з левага боку адразу кідаецца ў вочы, але работнікі камунальных службаў, мусіць, да помніка не падыходзяць. Бо смецце вакол таксама не прыбранае.
На думку каардынатаркі аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяны Севярынец, ігнараванне відавочных праблем з помнікам адлюстроўвае пазіцыю гарадскіх уладаў.
– Мы заўсёды збіраемся там на дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча, па нейкіх важных датах. За намі сочаць, “гэбэшнікі” нас здымаюць. Справа ў тым, што гэта помнік сапраўднаму беларусу, першаадкрывальніку вялікай, гераічнай гісторыі Беларусі. Мы прыходзім да Уладзіміра Караткевіча, каб набрацца вось гэтай цвёрдасці –“Быў. Ёсць. Буду”. Каб заявіць, што, мы таксама былі, ёсць і будзем! Мы, беларусы, гаспадары на сваёй зямлі! І таму, канешне, яны былі б рады, каб яго не было, гэты помнік ім – як бяльмо на воку!
Гараджане ў меру магчымасці самі клапоцяцца пра стан помніка: увосень дамагліся рамонту прыступак, а ўзімку счышчалі з іх лёд, бо камунальшчыкі не рабілі і гэтага. Скаргі на тое, што дзірка на помніку знакамітаму пісьменніку псуе турыстычны імідж Віцебску, мясцовыя жыхары накіравалі ў гарвыканкам і ў службу ЖКГ. Але пакуль няма ні адказу, ні захадаў па выпраўленні сітуацыі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск