У Віцебску ўсталююць помнік Хатабычу
Манументальна-дэкаратыўныя скульптуры „Стары Хатабыч” і „Рыбка” з’явяцца ў Віцебску да Дня горада.
Горад на Дзвіне адзначае сваё 1043-годдзе. Святочныя мерапрыемствы разгорнуцца 23-25 чэрвеня і акрамя канцэртных праграм і гулянняў абяцаюць гараджанам адразу некалькі падарункаў.
Так, па вул. Пушкіна каля будынка Беларускага тэатра „Лялька” ўрачыста адкрыецца бронзавая скульптура „Стары Хатабыч”. Ідэя аб яе ўстаноўцы ў Віцебску ўзнікла даўно, паколькі аўтар твора аб добрым джыне Лазар Лагін (Гінзбург) – ураджэнец горада. Ды і месца ў раёне фестывальнага „тэатральнага квартала” самае зручнае. Фігуру казачнага старога вышынёй 1,8 м стварыў скульптар Сяргей Сотнікаў.
А побач з месцам упадзення Віцьбы ў Заходнюю Дзвіну на вуліцы Талстога з’явіцца казачная рыбка з кампазітнага матэрыялу ў бронзавым колеры, якая вынырвае з ключом з надпісам „Віцебск” і выявай герба горада. Вышыня скульптуры – 2,3 м. Аўтарам работы стаў скульптар Іван Казак. Рыбка сімвалізуе адзін з традыцыйных промыслаў, а месца яе ўстаноўкі (паводле легенды, зусім побач быў закладзены старажытны Віцебск) суадносіцца з ключом ад горада.