У Віцебску выдалі кнігу пра „шагалаўскую” сінагогу



“Вялікая Любавіцкая сінагога ў Віцебску” –так называецца зборнік, у якім прыхільнікі ідэі аб рэстаўрацыі гістарычнага будынка распавядаюць пра яго мінулае і будучыню.

Ён быў узведзены ў пачатку 20-га стагоддзя, але за савецкім часам ён перастаў быць культавым. Паступова ў Віцебску знікла грамада габрэяў-хасідаў, якія маліліся ў гэтай сінагозе, і будынак паступова разбураўся.

Між тым сінагога магла бы стаць выбітным аб’ектам у горадзе, кажа Ірына Воранава, дырэктарка віцебскага Музея Марка Шагала:

– У кнізе “Маё жыццё” Марк Шагал пісаў, што кожны дзень ягоны бацька ўставаў раніцай і ішоў у сінагогу, потым вяртаўся і толькі пасля ішоў на працу. Найверагодней, што наведваў ён сінагогу, якая мясцілася бліжэй за ўсё да дома. Найбліжэйшай з’яўлялася Вялікая Любавіцкая сінагога. І ўсё, што тычыцца Вялікай Любавіцкай сінагогі, уваходзіць у сферу інтарэсаў музея Марка Шагала.

Музей ініцыяваў шэаг мерапрыесмтваў, каб прыцягнуць да скрушнага стану гістарычнага будынка ўвагу грамадскасці. І некалькі месяцаў таму адгукнулася грамада хасідаў з Масквы, прапанаваўшы інвеставаць у аднаўленне сінагогі.

І ў мінуўшчыны храма, апісанай у зборніку “Вялікая Любавіцкая сінагога ў Віцебску”, можа з’явіцца годны працяг, разважае культурніцкая менеджэрка, прыхільніца аднаўлення будынка Яўгенія Юнашава:

– Мы ўключылі ў зборнік інфармацыю пра тое, якой мы бачым сінагогу і навакольную тэрыторыю. Найхутчэй, яна будзе выкарыстоўвацца як культавы будынак – менавіта як сінагога. Але мы спадзяемся, што зможам запрашаць туды не толькі габрэйскую грамаду, але і ўсіх ахвотных, каб распавесці пра габрэйскую гісторыю і культуру болей, чым усе цяпер ведаюць.

Спробы рэстаўраваць будынак “шагалаўскай” сінагогі прадпрымаліся яшчэ ў 1990-я гады: быў створаны архітэктурны праект, але на яго ўвасабленне не знайшлося сродкаў.

Беларускае Радыё Рацыя