У Віцебску з’явілася графіці з Нінай Багінскай



Аўтар, вядомы віцебскі мастак-графітыст Глеб Каштанаў назваў малюнак “Прогулка”. 

Назва нагадвае пра вядомую фразу  Ніны Багінскай “Я гуляю”, якую яна сказала міліцыянтам падчас спробы затрымання  за бел-чырвона-белы сцяг. Але на малюнку Глеба Каштанава  спадарыня Ніна трымае не сцяг, а тры алоўкі – белы, чырвоны і белы. І навакольны краявід – не менскі, а віцебскі. Прычым не сучасны, а намаляваны знакамітым Маркам Шагалам: аматары творчасці мастака беспамылкова пазнаюць гэты твор, які таксама мае назву “Прогулка”.  На карціне Шагала два галоўныя героі: сам мастак, які ідзе па родным Віцебску, і ягоная жонка Бэла, якая ляціць у паветры, трымаючы мужа за руку. На малюнку Глеба Каштанава над Віцебскам лунае бел-чырвона-белы сцяг у выглядзе трох алоўкаў, які трымае над сабой Ніна Багінская.

Малюнак з выявай Ніны Багінскай з’явіўся на гаспадарчай пабудове, якая з’яўляецца прыватнай уласнасцю. Таму камунальныя службы не маюць права зафарбаваць яго па загадзе вышэйшага начальства,  а ўласнік пабудовы абсалютна не супраць такога мастацкага афармлення.

Глеб Каштанаў стварыў у Віцебску шмат малюнкаў, якія любяць гараджане. У тым ліку партрэты Марка Шагала і Васіля Быкава, намаляваныя ў суаўтарстве з Янам Кузміным.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск