У Віцебску з’явілася графіці з Васілём Быкавым
Многія ў Віцебску і за яго межамі ведаюць каманду вулічных мастакоў #YouFeelMySkill. Хлопцы паспелі зрабіць упрыгожыць ужо не адзін будынак і нават не адзін горад.
Хлопцы зафарбавалі графіці Нэйта Дога (Маскоўскі, 7). „Нарэшце выйшлі размяцца і абнавіць старую сценачку”, — так яны пракаментавалі пачатак працы.
Такой была сцяна дагэтуль
Усяго пару гадзін сышло, каб зафарбаваць партрэт рэпера і прыступіць да выканання партрэта аднаго з найвялікшых беларускіх пісьменнікаў 20-га стагоддзя — Васіля Быкава.
Самі хлопцы не без усмешкі прыгадалі, што тры гады таму ў Менску ў іх былі непаразуменні і з міліцыяй з-за таго, што яны напісалі партрэт Быкава на адной з трансфарматарных будак.
— Паглядзім, што будзе ў Віцебску, — сказалі яны.
На думку мастакоў, Васіль Быкаў як ніхто заслугоўвае свайго партрэта за яго творы, праўду і ўсё тое, што ён зрабіў для Беларусі і прынёс у літаратуру.
— Праз пару дзён графіці будзе канчаткова гатовае, — запэўнілі мастакі. — Вобраз ужо створаны, засталася дапрацоўка і дэталі. Цытата таксама будзе, а вось якая — пакуль сакрэт.