У Воршы рыхтуюць Фэст паэзіі імя Уладзіміра Караткевіча
Арганізаваць паэтычны фэст у памяць пра ўраджэнца Воршы — даўняя мара аршанскіх прыхільнікаў творчасці славутага земляка. Прымеркаваць імпрэзу вырашылі да ўгодкаў Уладзіміра Караткевіча, якія адзначаюцца 26-га лістапада.
Юрый Нагорны, старшыня мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распавёў пра фармат імпрэзы:
– Мы запросім паэтаў, выканаўцаў беларускай паэзіі, бардаў. Зробім для іх прэміі. На жаль, гэта будзе восень, у канцы лістапада ўжо будзе прахалодна, – значыць, будзем шукаць памяшканне. Будзем думаць, як зрабіць так, каб пра гэта ведала не толькі Аршаншчына, але і ўся Беларусь.
Першая спроба правесці такі фэст, найверагодней, адбудзецца ўжо сёлета. А больш маштабным ён стане ў наступным годзе: 26 лістапада 2020-га году ў Беларусі будуць адзначаць 90-я ўгодкі Уладзіміра Караткевіча.
Сябры Таварыства беларускай мовы і грамадскія актывісты Аршаншчыны плануюць звярнуцца ў райвыканкам, каб пашукаць падтрымкі сваім ініцыятывам, што да адзначэння юбілею, кажа Юрый Нагорны:
– На пасяджэнні Таварыства беларускай мовы разам з нашай Аршанскай лэмакратычнай кааліцыяй мы зацвердзілі план мерапрыемстваў ужо на наступны год. З многімі мы на наступным тыдні пойдзем у райвыканкам, каб улады таксама ўзялі ўдзел ва ўшанаванні памяці нашага вялікага класіка,нашага славутага земляка.
На жаль, аршанскія ўлады не мкнуцца падтрымліваць грамадскія ініцыятывы. Прыкладам, летась у Воршы быў забаронены выступ Сяргея Доўгушава, які хацеў правесці прэзентацыю песень на словы Уладзіміра Караткевіча менавіта на ягонай малой радзіме. У музеі Уладзіміра Караткевіча і каля помніка славутаму земляку праводзіцца хіба некалькі афіцыйных імпрэзаў да ягоных угодкаў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя