У Вроцлаве праходзіць VII фестываль незалежнай беларускай культуры
VII фестываль незалежнай беларускай культуры стартуе ў Вроцлаве 6 кастрычніка. Сталіца Ніжняй Сілезіі чарговы раз зможа пазнаёміцца з беларускім тэатрам, музыкай ды мастацтвам.
З году ў год мы заўважаем, што фестывальныя імпрэзы ўсё больш цікавяць моладзь, якая пераважае старэйшае пакаленне, родам з Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны, кажа арганізатар фестывалю прафесар Мікола Іваноў з фонду «За нашу і вашу свабоду»:
— Фестываль сапраўды будзе значна большы, чым заўсёды, бо на працягу больш чым тыдня жыхары Вроцлава змогуць сустрэцца з такімі калектывамі, як: тэатр «Вольная сцэна» з Менску, што прывязе да нас «Дзядоў» Міцкевіча ў пастаноўцы літоўскай рэжысёркі Рамунэ Кудзманайтэ. Гэта выдатны твор, выдатная п’еса на беларускай мове і калі мы рыхтавалі гэтую імпрэзу і спыталіся ў тых, хто збіраецца прыйсці, ці перакладаць гэта на беларускую мову, ці патрэбныя субтытры ці нешта падобнае, нам адказалі: гэта школьная праграма, таму абсалютна непатрэбныя.
Яшчэ да нас прыедзе вельмі вядомы калектыў „Троіца” з Менску, які меў гастролі і ў Парыжы, і ў Берліне. Прыедзе Віктар Шалкевіч, апошні бард, які піша вершы на польскай мове ў Беларусі. Прыедзе вядомая мастачка Кацярына Сумарава, якая арганізуе для польскіх школьнікаў майстэрню, дзе пакажа, як робіцца беларуская, сучасная народная творчасць. Вельмі цікавая будзе выстава вядомага графіка Рамана Сустава, у самым цэнтры горада, на Рынку.
Не абыдзецца і без палітычных імпрэзаў. Будзе дыскусія на тэму: «Ці маюць палякі ў Беларусі будучыню, ці захаваецца польская меншасць у Беларусі». Прыедуць кіраўнікі незалежнага аб’яднання Саюза палякаў у Беларусі. Ну і, будзем гаварыць, таксама, пра палітычную будучыню Беларусі: што адбудзецца пасля гэтага года выбараў у Беларусі. Прыедзе Аляксандр Мілінкевіч, будзе Андрэй Фёдараў, запрасілі Міколу Статкевіча, але не ведаю, ці ён прыедзе.
РР: Калі гаварыць пра аўдыторыю, дык наколькі на сённяшні дзень незалежная беларуская культура цікавіць жыхароў Вроцлава, як культура беларускай незалежнай дзяржавы, а не, як сентымент да «крэсаў», адкуль паходзіць старэйшае пакаленне якое яшчэ жыве ў Вроцлаве і яшчэ памятае?
— Адметная рыса сёлетняга фестывалю ў тым, што раней на нашых імпрэзах збіраліся старыя бабулькі і дзядулькі. Але, з кожным годам, усё больш прыходзіць моладзі і гэта не толькі беларусы, якія жывуць у Вроцлаве, і не толькі «каліноўцы», якія вучацца ў польскіх вучэльнях. Гэта мноства польскай моладзі, для якіх Беларусь — нармальная дзяржава, сусед Польшчы. Старое ж пакаленне ставіцца да Беларусі: ай, Беларусь гэта польскія «крэсы». І адметнасць гэтага фестывалю ў тым, што маладое пакаленне прыходзіць на яго, як да сяброў, да беларусаў і да іх культуры, як да нармальнай еўрапейскай нацыі. Наша палітыка такая: зрабіць усё магчымае, каб палякі пазналі беларусаў, як добрага суседа.
Цягам тыдня жыхары і госці Вроцлава змогуць наведаць „Дзяды” ў пастаноўцы тэатру Вольная сцэна, канцэрт „Троіцы”, выставу Рамана Сустава. Акрамя таго ў межах фестывалю пройдуць дыскусіі пра палітычную і гаспадарчую будучыню ў Беларусі.
Цалкам гутарку можна паслухаць у далучаным файле.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя