У Вярхоўным судзе прайшло апытанне бакоў па справе СБП



24 жніўня у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбылося апытанне па пазове Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», паведамляе прэс-служба саюзу.

Былі выслуханы тлумачэнні і аргументы бакоў і запытаная дадатковая інфармацыя па справе. Па выніках апытання дата судовага паседжання не была прызначана. Гэтае пытанне будзе вырашана пасля прадастаўлення бакамі запытаных дадатковых дакументаў.

Нагадаем, што 14 ліпеня ў офісе грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прайшоў ператрус, у выніку якога Следчым камітэтам РБ была канфіскаваная тэхніка і інфаносьбіты, офіс быў апячатаны. У той жа дзень ператрус адбыўся і кватэры старшыні ГА «СБП» Барыса Пятровіча, з якога была ўзятая падпіска аб нявыездзе і неразгалошванні. Пасля вобшуку адбылося блакаванне банкаўскага рахунку Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь, а таксама вынесеныя два папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі. Адно з іх было ў сувязі з непрадастаўленнем дакументаў, якія засталіся ў апячатаным памяшканні офіса.

budzma.by