У выдавецтва „ЮрсаПрынт” з’явіўся сайт
Асноўнай версіяй сайта гарадзенскага выдавецтва з’яўляецца беларуская. Некалькі месяцаў партал працаваў у тэставым бэта-рэжыме.
Рэдакцыя праводзіла апытанне сярод карыстальнікаў: „Што дадаць і выправіць?”. Цяпер на сайце ёсць не толькі інфармацыя пра план выдавецкай працы, але шмат іншай інфармацыі.
Кажа галоўны рэдактар Аляксандр Рыжы:
– Сайт – гэта не толькі візітка, а ў нейкім сэнсе і наш твар. Ведаў па кнігавыданні шмат, шмат людзей увогуле не ведае, што такое „каптал”, што такое „пагінацыя”, што такое „каланцітул”. Як гэта рабіць і „з чым гэта есці”. Тым больш усё ж такі аўдыторыя мэтанакіраваная, трэба таксама больш пераходзіць на супольную мову з чытачамі.
З’яўленне сайта паўплывала на попыт гістарычных кніжак на менскім кніжным рынку:
– Вельмі прыемна, што аднавілася супраца з менскай „Акадэмкнігай”. Дзякуючы сайту яны добра ведаюць пра нашыя навінкі, добра ведаюць наш асартымент. Вельмі прыемна было, што недзе ў траўні-чэрвені шмат гарадзенскіх кніг пайшло ў Менск. Не толькі пайшло, але я думаю, што яны добра разышліся ў Менску. Увогуле такое ў нейкім сэнсе шаленства адбылося.
Ужо пачала працу электронная бібліятэка выдавецтва, дзе выкладаюцца кнігі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня