У вёсцы Будзілаўка адкрылі помнік рэпрэсаваным у сталінскія часы



Галоўнай падзеяй свята вёскі Будзілаўка, што на Бягомльшчыне, стала адкрыццё памятнага знака ахвярам рэпрэсій. Гэта стала працягам справы па ўвекавечанні памяці загінуўшых землякоў, распачатай доктарам гістарычных навук, прафесарам Мікалаем Печанем. Менавіта яму належыць ідэя ўстаноўкі помніка і пасадкі бярозавага гаю, паведамляюць Родныя вытокі.

Мікалай Печань сабраў звесткі пра сваіх рэпрэсаваных родных і аднавяскоўцах, з’ездзіў у Оршу, прывёз зямлю з Кабыляцкай гары, дзе ў гады рэпрэсій было расстраляна больш за 20 тысяч чалавек.

Унукі і праўнукі тых, чые імёны запісаныя на чорнай пліце, заклалі капсулу з зямлёй ля падножжа вялікага каменя. Пасля памінальнага набажэнства, якое адслужыў іерэй Аляксей Кушнярэвіч, памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.