У Высокім аднаўляюць пейзажны парк Сапегаў-Патоцкіх
У горадзе Высокае Берасцейскай вобласці спрабуюць аднавіць былую веліч парку Сапегаў-Патоцкіх. Большая частка працы ўжо выканана, рэстаўрацыя падыходзіць да завяршэння. Рэстаўрацыя парку адбываецца ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Беларусь-Польшча-Украіна 2007-2013”.
Адказная за рэалізацыю праекту з беларускага боку Алена Ракоўская распавяла пра тое, з якіх этапаў складаецца праэкт:
– Праектам былі прадугледжаны наступныя працы: кансервацыя ўязной брамы, рэканструкцыя агароджы, рэканструкцыя алеі, разборка старой лесвіцы і ўсталяванне новай. Таксама была прадугледжана высечка дрэваў, расчыстка ад смецця, пакрыццё дарожак каменным адсевам, стварэнне газона. На дадзены момант практычна ўсе працы ўжо выкананы, часткова засталіся работы па ўсталяванні агароджы і алеі.
Рэстаўрацыя парку адбываецца за грошы Еўрапейскага Звязу і сродкі прадпрыемства “Камянецкае ЖКГ”. Агульны кошт прац складае 5 мільярдаў беларускіх рублёў, з якіх 4,5 мільярды – гэта еўрапейскі грант.
Беларускае Радыё Рацыя, Камянец
Фота vb.by