У яго музеі вісеў герб Пагоня



2 лістапада спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння заснавальніка Слонімскага краязнаўчага музея, археолага, гісторыка, вынаходніка, вайскоўца, аднаго са знакамітых слонімцаў ХХ стагоддзя Язэпа (Іосіфа Іосіфавіча) Стаброўскага.

Бацька Язэпа Стаброўскага — Іосіф удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і севастопальскай войнах. Пахаваны ў вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне.

Маці Язэпа Стаброўскага — Людвіка была родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам у Орлавічах. Дарэчы, бацька Людвікі Стаброўскай — Адольф Масальскі прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. За гэта Мураўёў-вешальнік саслаў яго ў Нерчынскія руднікі. І родны брат маці — Карл Масальскі таксама ўдзельнічаў у гэтым паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага. Яго схапілі, пасадзілі ў клетку і вазілі па вуліцах Слоніма, а пасля расстралялі…

У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. А потым меў магчымасць яшчэ скончыць Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.

Першую сусветную вайну Язэп Стаброўскі закончыў у чыне палкоўніка. І з цягам часу навуковыя інтарэсы ўзялі верх над прафесіянальна-ваеннымі. І ў 1921 годзе ён вяртаецца на родную Слонімшчыну і ўсе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Стаброўскі збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляла гістарычную каштоўнасць. У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі такія экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы: багатая калекцыя крамянёвых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, галава старажытна-славянскага ідала, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна, Льва Талстога, два пісьмы Пушкіна да яго жонкі Наталлі Ганчаровай, гістарычныя рукапісы XVI-XII стагоддзяў, а таксама партрэты дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі, герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг.

Восенню 1924 года Язэп Стаброўскі арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцца ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад наведвальнікамі 20 верасня 1929 года. У адкрыцці музея прымаў удзел тагачасны прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі.

Язэп Стаброўскі быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гарадзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзесяткі артыкулаў па краязнаўству і гісторыі. Ён захаваў успаміны з Першай сусветнай вайны і альбом з 300 фотаздымкамі. У свой час знайшлі прымяненне яго шрампель удасканаленага ўзору (зацверджаны ў 1907 годзе Галоўным расейскім артылерыйскім упраўленнем) і тэлефон-прыёмнік удасканаленай канструкцыі (польскі патэнт № 18728).

Аднойчы падчас Другой сусветнай вайны нямецкі афіцэр зайшоў у Слонімскі краязнаўчы музей у той самы момант, калі Язэп Стаброўскі здымаў са сцяны адну з рэдкіх карцін Верашчагіна. Вайсковец насмешліва тыцнуў пальцам у жывот сівому чалавеку і на дрэннай беларускай мове сказаў:

— Рус гэта не разумель… Верашчагін месца ў Дрэздан…

Стаброўскі паказаў афіцэру фігуру з трох пальцаў…

Немец стукнуў некалькі разоў Стаброўскага і моўчкі пакінуў музей…

Летам 1944 года Слонім быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў. Музей сталі наведваць салдаты, якія рухаліся на Захад. Стаброўскі праводзіў для іх экскурсіі: паказваў экспанаты і расказваў гісторыю роднага краю…

Пасля вайны Язэпу Стаброўскаму ў Слоніме жылося даволі цяжка. Да апошніх сваіх дзён (пражыў 98 гадоў) жыў ён у беднасці і забыты мясцовымі ўладамі, але даследваў гісторыю роднай зямлі, вёў перапіску, сустракаўся з навукоўцамі. Памёр ён 15 студзеня ад “сердечно-сосудистой недостаточности”. Пахаваны, як і жадаў, на зямлі былога радавога маёнтка Стаброўскіх у вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне.

Сёння Слонімскі раённы краязнаўчы музей у горадзе над Шчарай носіць яго імя. А ў 2002 годзе на будынку музея была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Іосіфу Іосіфавічу Стаброўскаму, якую выканаў з граніту і падараваў гораду і музею слонімскі скульптар Леанід Богдан.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва аўтара