У якім абутку хадзілі нашыя продкі?
На гэтае пытанне можа адказаць выстава, якая працуе ў Полацкім музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. Выстава атрымала назву «Пасталы, валёнкі, боты» і праходзіць у межах выставачнага праекта «Беларускі вясковы абутак канца ХІХ – першай паловы ХХ ст.»
У гэтыя дні ў музеі будуць адбывацца майстар-класы па вырабе беларускага традыцыйнага абутку. Кажа старэйшы навуковы супрацоўнік музея Станіслаў Сілка:
– У музеі выкарыстоўваем пляцоўку, выкарыстоўваем магчымасць для таго, каб зрабіць гораду, палачанам, гасцям насамрэч свята. Каб гэта было больш-менш актыўна, каб не проста прыходзілі людзі ў музей, а там такі сумны супрацоўнік з сур’ёзным тварам распавядае ім энцыклапедычныя які-небудзь звесткі.
Падчас майстар-класаў наведнікам прадэманструюць як валялі нашыя продкі валёнкі, або як плялі лапці. Выстава будзе працаваць да 12 студзеня.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя