У Зачэпічах адбудзецца свята паэзіі



Трэцяе Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі адбудзецца ў суботу 17 жніўня ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна.

Як сказаў нашаму карэспандэнту кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, свята паэзіі на Дзятлаўшчыне стала традыцыйным і яно будзе штогод там адбывацца. “Вёска Зачэпічы Дзятлаўскага раёна з’яўляецца радзімай трох заходнебеларускіх паэтаў Гарасіма Праменя, Петруся Граніта і Васіля Струменя, якія да Другой сусветнай вайны актыўна друкаваліся ў беларускіх віленскіх выданнях. Грамадскія актывісты некалькі гадоў таму там паставілі паэтам-аднавяскоўцам мемарыяльны знак. Каля гэтага знаку і адбудзецца свята паэзіі і песні. У ім прымуць удзел паэты і барды з розных рэгіёнаў Гарадзеншчыны, а таксама з іншых гарадоў Беларусі. Таму ўсіх запрашаем у суботу, 17 жніўня, на свята ў Зачэпічы. Пачатак у 11 гадзін”, — адзначыў Валянцін Дубатоўка.

Беларускае Радыё Рацыя