У Зачэпічах адбылося другое свята паэзіі Гарадзеншчыны (абноўлена)
4 жніўня адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды на фасадзе будынка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея яго заснавальніку і першаму дырэктару Міхаілу Петрыкевічу (1913-1999). Ды і нагода была: сёлета Міхасю Петрыкевічу спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння.
У гэты дзень сабраліся людзі, якія захоўваюць гістарычную памяць малой радзімы.
У Дзятлава прыехалі на ўрачыстасць пісьменнікі і краязнаўцы з іншых рэгіёнаў Беларусі. А свята распачала дырэктар музея Дзінара Харошка і супрацоўнік ідэалагічнага аддзела Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько. Выступоўцы адзначылі вялікі ўклад Міхася Петрыкевіча ў гісторыю дзятлаўскай зямлі і ў тое, што ён пакінуў Дзятлаву добры музей. Калі б не Петрыкевіч, то Дзятлаўшчына не мела б такога ўнікальнага музея, які ёсць сёння.
Словы падзякі за памяць пра бацьку сказаў сын Міхася Петрыкевіча Валер Петрыкевіч. Сяргей Чыгрын прачытаў верш, прысвечаны Петрыкевічам. А барды Таццяна Матафонава з Менска і Сяргей Чарняк з Ліды выканалі некалькі песень на словы беларускіх паэтаў.
Мемарыяльную шыльду Міхасю Петрыкевіча ўрачыста адкрылі сын і ўнучка Міхася Петрыкевіча. А потым у выставачнай зале музея адбылася невялікая вечарына памяці заснавальніка музея. Яго супрацоўнікі распавядалі пра жыццёвы шлях Міхася Петрыкевіча, паказалі шмат слайдаў з яго дзейнасці, прыгадалі шчырымі словамі гэтага апантанага і зацікаўленага ў музейную справу чалавека, які зусім нядаўна жыў на Дзятлаўшчыне.
[Not a valid template]
У Дзятлаўскім раёне прайшло другое абласное свята мовы і паэзіі. Дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў на будынку дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея ўрачыста адкрылася памятная шыльда першаму яе дырэктару Міхасю Петрыкевічу. Згадвае яго сын Валеры Петрыкевіч, які вялікія намаганні прыклаў да развіцця беларускага краязнаўчага руху ў Дзятлаўшчыне.
– Бацька вагаўся: ехаць ці не ехаць, усё ж за 50 гадоў, хутка да пенсіі. І ўсё-такі ў 54-гадовым узросце ён прыехаў сюды і апантана за год і тры месяцы з нуля сабраў амаль 6 тысяч экспанатаў. Сабраць іх – гэта адна справа. Трэба ж было яшчэ аформіць залы, адкрыць экспазіцыю, скончыць рамонт будынка. Было вельмі складана, ён спаў па 4 гадзіны, не болей. У 6 гадзін ён ужо быў на нагах. А колькі ён аб’ездзіў ды абхадзіў…
У памяць яго руплівасці на ніве беларускай культуры і да 105-годдзя ад дня нараджэння ля муроў музея прайшла ўрачыстасць з удзелам гасцей: літаратараў і музыкаў. Арганізатары свята спадзяваліся, што, апрача мемарыяльнай дошкі на сцяне дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, гэтая культурная ўстанова таксама будзе насіць імя Міхася Петрыкевіча. Але гэтага не адбылося.
Наступны этап свята мовы і паэзіі прайшоў у Зачэпічах. У гэтай, ужо старэючай вёсцы для мясцовых жыхароў, ля памятнага знака тром заходнебеларускім паэтам выступалі паэты, празаікі, музыкі з усёй Гарадзеншчыны і нават з Расейскай Федэрацыі. Кажа Валянцін Дубатоўка – старшыня абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
– Вёска Зачэпічы. Нарадзіліся тут і выйшлі адсюль наогул тры беларускія паэты: Струмень, Прамень, Граніт. І самае дзіўнае, што людзі нават некаторыя, калі ўзяць, што Струмень, напрыклад, тут не жыў, а жыў у Роўне ва Украіне, у іншых гарадах. І ведаеце, калі ён сюды прыязджаў, то ўвесь час гаварыў па-беларуску. Вёска адметная. І ў тым годзе намаганнямі ініцыятыўнай групы, у якую ўваходзілі Сяргей Чыгрын, Валер Петрыкевіч, мы памагалі, атрымаўся вось такі помнік.
Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікі і госці адведалі магілу аднаго з заходнебеларускіх паэтаў – Гарасіма Праменя, якая знаходзіцца на могілках Зачэпічаў. Сярод выступоўцаў на свяце беларускай мовы і паэзіі ў Дзятлаве і Зачэпічах былі прафесар Аляксей Пяткевіч, Валянцін Дубатоўка, Сяргей Чыгрын, Юрка Голуб, Ала Нікіпорчык, Ала Петрушкевіч, музыкі Сяргей Чарняк, Міла Ражкова, Таццяна Матафонава, Міхась Зізюк.
[Not a valid template]
У суботу, 4 жніўня, у вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна адбылося другое Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі. Арганізатарамі культурніцкага мерапрыемства сталі Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы і Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Мерапрыемства было ўзгоднена з мясцовымі раённымі ўладамі.
Вёска Зачэпічы на Дзятлаўшчыне – гэта радзіма трох заходнебеларускіх паэтаў Пятруся Граніта, Гарасіма Праменя і Васіля Струменя. Два гады таму грамадскія актывісты Дзятлаўшчыны разам з мясцовым актывістам Валерыем Петрыкевічам устанавілі мемарыяльны камень памяці гэтых паэтаў. Тады і было вырашана штогод праводзіць абласное свята беларускай паэзіі.
Сёлета на свята прыехалі літаратары з Гародні, Ліды, Наваградка, Слоніма, Дзятлава. Свята адкрыў і вёў пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын.
Ён пачаў з паэтычных радкоў:
Прамень, Граніт і Струмень
Збіраюць нас на сустрэчы…
Каб вершы, хоць раз у дзень,
Паслухалі нашы Зачэпічы…
Потым выступалі і чыталі свае паэтычныя творы Ала Петрушкевіч, Ала Нікіпорчык, Юрка Голуб, Мікола Канановіч, Станіслаў Суднік, Ала Абрамчык і іншыя паэты Гарадзеншчыны. Барты Таццяна Матафонава, Сяргей Чарняк, Міхась Зізюк, аздаблялі паэзію беларускімі песнямі. Асабліва шчыра віталі ўсе прыгожую і таленавітую спявачку з Масквы Мілу Ражкову, якая цудоўна выканала “Паланэз Агінскага” на словы Сяржука Сокалава-Воюша, песню “Цячэ вада ў ярок…” і песні расейскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову Алы Петрушкевіч.
Шчырыя словы ў адрас гасцей і тых, хто завітаў на свята, казалі яго арганізатар – дзятлаўскі грамадскі актывіст Валерый Петрыкевіч, прафесар з Гародні Аляксей Пяткевіч, кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.
[Not a valid template]
У гэты самы дзень удзельнікі свята наведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваныя Пятрусь Граніт і Гарасім Прамень, і ўсклалі кветкі на іх магілы.
Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён