У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш (абноўлена)
На Зэльвеншчыне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы па ўшанаванню памяці Ларысы Геніюш. Грамадскія дзеячы, палітыкі, музыкі ды актывісты з усёй Беларусі сабраліся, каб узгадаць імя славутай паэтэсы, распавядае адзін з удзельнікаў мерапрыемства Сяргей Чыгрын:
– Прысутнічала не шмат людзей, чалавек 30 з Менска, са Слоніма, з Гародні. Мерапрыемства прайшло вельмі спакойна, спачатку ў царкве, раніцай была служба памінальная па Ларысе Геніюш. Пасля ўсе сабраліся недзе бліжэй да абеда, яшчэ раз святары памянулі разам з прысутнымі.
На могілкі, дзе пахавыаныя Ларыса і Янка Геніюшы, удзельнікі мерапрыемства прыйшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, кажа Іван Бедка:
– Потым зрабілі агульны здымак, прачыталі вершы і паехалі на могілкі. Там таксама ўсклалі кветкі, таксама прачыталі вершы, сфатаграфаваліся. Ніхто да нас не падыходзіў, ніхто нічога не казаў, не было відаць. Магчыма недзе яны назіралі, але не перашкаджалі.
Урачыстасці завяршыліся на беразе вадасховішча, дзе барды выканалі песні, прачыталі вершы славутай паэтэсы.
Ларыса Геніюш – беларуская паэтэса, празаік, грамадская дзяячка – вязень сталінскіх лагероў, памерла ў Зэльве 7-га красавіка 1983 года. Не рэабілітаваная па сённяшні дзень.
* * *
Штогод у Зэльве ў пачатку жніўня збіраюцца беларусы з усіх куткоў Бацькаўшчыны, каб ушанаваць памяць пра Ларысу Геніюш — легенду беларускай паэзіі, прыклад высокай чалавечай маральнасці, ахвярнай хрысціянкі і сапраўднага патрыёта Бацькаўшчыны.
І сёлета ў суботу, 9 жніўня, каля 30 чалавек завіталі ў Зэльву з Гародні, Слоніма, Ліды і Менска. Імпрэза пачалася з раніцы ў зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве набажэнствам ў гонар паэткі. А потым Ларысу Геніюш у царкве прыгадвалі і днём святары айцец Георгій Субаткоўскі з Зэльвы і айцец Уладзімір Камінскі з Ліды. Пасля ўсе прысутныя сабраліся каля помніка Ларысы Геніюш, які знаходзіцца на тэрыторыі царквы, каб сфатаграфавацца на памяць.
Далей ушанаванне працягвалася на Зэльвенскіх могілках каля магілы паэткі і змагаркі. Там пад бел-чырвона-белымі сцягамі беларусы згадвалі Ларысу Геніюш, а сябар БХД з Менска Валерыя Чарнаморцава прачытала некалькі патрыятычных яе вершаў.
Да вечара на беразе Зэльвенскага вадасховішча гучалі беларускія песні ў выкананні бардаў Зміцера Бартосіка і Андрэя Мельнікава і чыталіся вершы народнай паэткі Беларусі.
[Not a valid template]
Барыс Баль/Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя