У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш



Ушанаваць беларускую паэтку і змагарку Ларысу Геніюш (1910-1983) 10 жніўня ў Зэльву прыехала няшмат людзей, як і летась. Тым не менш ушанаваннне адбылося. Пачалося яно раніцай у Зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве набажэнствам у гонар слаўнай беларускі. На набажэнстве прысутнічалі і зэльвенцы, і тыя, хто прыехаў згадаць паэтку з Гародні і Слоніма.

Потым, каля помніка Ларысе Геніюш, які знаходзіцца на царкоўным цвінтары, пра паэтку, яе творчасць і лёс казалі сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, Ала Петрушкевіч, Сяргей Чыгрын і Мікола Канановіч. Шчырымі словамі прыгадала сустрэчы з Ларысай Антонаўнай і яе сяброўка, суседка Ірына Тукальская, якая таксама далучылася да прысутных.

На Зэльвенскіх могілках пад бел-чырвона-белым сцягам да магілы Ларысы і Янкі Геніюшаў былі ўскладзены кветкі, а Валянцін Дубатоўка сказаў, што ў наступным годзе Ларысе Геніюш спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння, таму гэта дата будзе адзначацца ў Зэльве і ў Беларусі шырока і масава.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва Фота аўтара