У Зэльве ўшанавалі народную паэтку Беларусі



У Зэльве каля Свята-Троіцкай царквы, дзе знаходзіцца помнік беларускай паэткі-змагаркі, вязня сталінскіх лагераў Ларысы Геніюш (1910-1983), адбылася ўрачыстасць з нагоды 110-й гадавіны з дня яе нараджэння. На мерапрыемства завіталі людзі з Гародні, Менску, Слоніма, Ліды, Баранавіч і Дзятлава.

Распачаў урачыстасць паэт і журналіст Міхась Скобла, які адзначыў, што Ларыса Геніюш на належным узроўні ў Беларусі яшчэ не ўшанавана і што ў розных архівах знаходзіцца сотні неапублікаваных раней яе твораў.

Пра паэтку і яе творчасць прыгадалі Станіслаў Суднік з Ліды, Аляксей Пяткевіч з Гародні, Мікола Ганчарук з Баранавіч, Валерый Петрыкевіч з Дзятлава, протаірэй з Зэльва Георгій Субаткоўскі і іншыя ўдзельнікі свята ў Зэльве.

Каля помніка Ларысы Геніюш адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына “Вяртанне да Ларысы Геніюш”, якая нядаўна пабачыла свет у Гародні. Пра кнігу і працу над ёй распавёў прысутным сам аўтар. Ён адзначыў, што кніга змешчаны артыкулы не толькі пра ўсіх Геніюшаў, але і пра тых людзей, з кім Ларыса Геніюш кантактавала, была ў сталінскіх лагерах, перапісвалася, сябравала.

Напрыканцы мерапрыемства кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка сказаў, што штогод у Зэльве будзе ўручацца Гарадзенская абласная літаратурная прэмія імя Анатоля Іверса лепшаму літаратару Гарадзеншчыны, які нарадзіўся ці пражывае на прынёманскай зямлі і займаецца літаратурай. Сёлета першую літаратурную прэмію імя Анатоля Іверса атрымала ў Зэльве паэтка і этнакультуролаг Антаніна Хатэнка. Прэмію ёй уручыў Сяргей Чыгрын. Антаніна Хатэнка шчыра падзякавала за прэмію і пазнаёміла ўсіх з новымі сваімі вершамі.

Аздабляў мерапрыемства бард з Ліды Сяргей Чарняк, які выканаў некалькі песень на словы Ларысы Геніюш.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара