У Жодзіне адкрылася мастацкая выстава „Вясновая палітра”



У Жодзінскай мастацкай карціннай галерэі, што месціцца на другім паверсе адрамантаванага будынку былой ПТВ па вул. Дзеравянкі 14-Б (насупраць станцыі Хуткай дапамогі), 5 Сакавіка а 18-ай гадзіне адкрылася новая выстава мясцовых мастакоў пад назваю „Вясновая палітра”.

L12

На ёй прадстаўленыя 70 карцінаў ад 23-х мастакоў, такіх як Аляксандар Фралянкоў, Сяргей Цігараў, Георгій Міхейчык, Аляксандар Казак, Віктар Навіцкі, Мікалай Шышлоў ды іншыя.

Імпрэзу распачала сваім выступам прадстаўніца Жодзінскага краязнаўчага музею. Тут жа адразу адбыліся ўзнагароды адмысловымі дыпломамі некаторых з мастакоў, якія прымалі актыўны ўдзел у працы галерэі ды арганізацыі выставаў для жодзінцаў.

Адзін з вядомых гарадскіх мастакоў, Іван Ціраеў, перадаў у дар музею дзве свае гістрычныя, як ён сам іх назваў, карціны пра Жодзіна. Яны былі напісаныя ім у 1972 годзе акварэллю.

L4

Адкрыццё выставы выклікала вялікую цікавасць у жодзінцаў. На гэты раз, як адзначаюць самі арганізатары, на мерапрыемства прыйшло дастаткова шмат людзей. Перад наведвальнікамі выступілі з прамовамі ўзнагароджаныя мастакі ды іхныя вучні, працы якіх таксама прадстаўленыя ў экспазіцыі.

L6

Практычна ўвесь час і напрыканцы цырымоніі адкрыцця, у прыватнасьці, для мастакоў, гасцей і наведвальнікаў выставы „Вясновая палітра” гучала жывая музыка ў выкананні прадстаўніка жодзінскай музычнай школы, баяніста Аляксея Юнусава.

[Not a valid template]

Алесь ЛЕТА, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аляксея Лапіцкага