У Жыровічах з’явіцца новая званіца з 12 званамі



Да 550-годдзя Жыровіцкай Іконы Божай Маці і 500-годдзя Жыровіцкага манастыра, якія будуць адзначацца сёлета, у Жыровічах будзе пабудавана і асвечана новая званіца з 12 званоў. Самы вялікі звон будзе важыць 4200 кг.

Пра гэта паведаміў пасол Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезянцаў. На самым вялікім звоне па-расейску будзе напісана: “Попечением Президента Республики Беларусь Александра Григорьевича Лукашенко, Президента Российской Федерации Владимира Владимировича Путина”.

Званы ужо адлітыя ў Расеі і прывезены ў Беларусь. Падрыхтаваны і праект званіцы, вышыня якой будзе каля 57 метраў. Увесь праект фінансуецца Расейскай Федэрацыяй і яго ажыццяўленне кантралюе пасол Расеі ў Беларусі.

Званы і мемарыяльны камень, дзе побач будзе пабудавана званіца, плануе асвяціць патрыярх Маскоўскі Кірыл падчас святочных урачыстасцяў у Жыровічах. А само будаўніцтва званіцы павінны быць ажыццёўлена восенню гэтага года.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара