“У зорным небе”: пасмяротная выстава Сяргея Прывады



“У зорным небе” – такую назву атрымала пасмяротная выстава полацкага мастака Сяргея Прывады. Яго не стала летась якраз на праваслаўнае Раство. Выстава адкрылася ў наваполацкай гарадской мастацкай галерэі.

Гаворыць куратар выставы Вера Шушко:

– Яго выкладчыкамі былі Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч і Заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Савіч. Больш за трыццаць гадоў, а менавіта з 1987 года, ён жыў і працаваў на Полаччыне. Мастаком ён быў вельмі шматгранным – гэта графік вельмі таленавіты, які аднолькава працаваў у пастэлі, акварэлі, літаграфіі. Усё гэта яму было пад сілу.

Як высветлілася, гэта першая перасанальная выстава Сяргея Прывады. Карціны мастака збіралі па ўсёй Полаччыне з прыватных калекцый. У экспазіцыі 49 карцін. Выстава будзе працаваць да 1 сакавіка.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя