У ЗША рыхтуюць фільм пра беларускі фальклор



Ініцыятарам дакументальнай стужкі стала выпускніца Сіэтлаўскага інстытуту мастацтваў Вольга Дземка.

uypjktoo1w4eadnyg9vj

Рэжысёрка нарадзілася ў Беларусі, але ўжо 12 год жыве ў Сіэтле. Апошнім разам беларуска наведала Радзіму 3 гады таму адмыслова, каб зняць неабходны матэрыял:

– Нашыя беларускія песні этнографамі лічацца найстарэйшымі ў Еўропе, бо захаваліся да нашага часу ў нязменным стане, і яшчэ выконваюцца жыхарамі вёсак. Патрэбна была гучная назва. Так і з’явіліся “Песні Старой Еўропы”.

Стужка Вольгі Дземкі разлічана на 47 хвілінаў. Хоць матэрыялу было запісана амаль на суткі прагляду. Адно інтэрв’ю з Іванам Кірчуком, да прыкладу, займае 40 хвілінаў. Аўтарка думае пасля прэзентацыі стужкі выставіць у Сеціве ўсе запісаныя інтэрв’ю цалкам.

– Калі я знайду кагосьці, хто мне здолее дапамагчы з графікай і анімацыяй, то стужка будзе гатовая ў красавіку.

Да працы над фільмам “Песьні Старой Еўропы” ўжо далучаюцца людзі з розных куткоў Беларусі. Знайшліся аніматары і спецыялістка па субцітрах. То бок, кіно можа стаць сапраўды народным. Падтрымаць праект можна на спецыяльным сайце belarusian-songs.com.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя