Убачыць фарбы вясны можна на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы



Мастацкая выстава «Палітра вясны» адкрылася 5 сакавіка ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, паведамілі ва ўстанове.

У Нацыянальнай бібліятэцы ёсць добрая традыцыя – штогод праводзіць вясеннія мастацкія выставы да Дня жанчын. «Палітра вясны» – праект-віншаванне, які прызначаны нагадаць аб хуткім абуджэнні прыроды. Рознакаляровая палітра мастацкіх работ не пакіне абыякавым самага патрабавальнага каларыста, – расказалі ў НББ. – У цэнтры вясенняй палітры, вядома, кветкі. Непаўторныя вясеннія пейзажы – незвычайна светла-блакітныя нябёсы, аксамітавыя вербы, свежае паветра, якім хочацца дыхаць, усмешкі жанчын, пяшчотнасць пачуццяў, феерверк эмоцый і мора надзей – усё гэта колеры вясны, увесь яе спектр, яе палітра».

На выставе  прадстаўленыя работы членаў Беларускага саюза мастакоў – жывапісцаў і графікаў. Удзельнікі выставы – як прафесіяналы, чые імёны шырока вядомы ў беларускім культурным асяроддзі і за мяжой, так і маладыя яркія мастакі.

БелТА