Удзельнікаў экскурсіі на радзіму Касцюшкі пакаралі штрафамі або арыштам
41 удзельнік экскурсіі на радзіму Тадэвуша Касцюшкі, сярод якіх работнікі ААТ „Беларуськалій”, якія страйкуюць, пакараны штрафамі або арыштам. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал страйкама прадпрыемства.
Так, штрафам у 5 базавых велічынь (135 рублёў) пакараныя два чалавекі, 10 (270 рублёў) — 17 чалавек, 20 (540 рублёў) — тры.
Пяць сутак арышту атрымалі тры чалавекі, 7 — пяць, 10 — тры, 12 — пяць, 15 сутак — тры.
Як паведамлялася, у Берасцейскай вобласці 13 лістапада былі затрыманыя 43 чалавекі, сярод якіх удзельнікі страйку на „Беларуськаліі”. Гэта адбылося падчас аўтобуснай экскурсійнай паездкі з Салігорска на радзіму Тадэвуша Касцюшкі (Косава — Мерачоўшчына).
Увечары страйкам паведаміў, што ў Івацэвіцкім РАУС знаходзяцца 43 чалавекі — сем’і з непаўналетнімі дзецьмі, экскурсавод, кіроўца. Усім удзельнікам экскурсіі інкрымінуецца артыкул 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Паводле звестак страйкама на 16 лістапада, на „Беларуськаліі” баставала больш за 80 чалавек.
Забастоўка на прадпрыемстве была абвешчаная 17 жніўня. Шахцёры запатрабавалі прызнаць вынікі выбараў прэзідэнта несапраўднымі, прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынствы супраць народа і фальсіфікацыю выбараў, вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі.