Угодкі Магдэбургскага права ў Воршы
Сёлета адзначаецца 395 гадоў атрымання Воршай Магдэбургскага права. Упершыню ў горадзе зладзілі канферэнцыю з гэтай нагоды, яна сабрала некалькі дзясяткаў наведнікаў, сярод якіх былі знаныя краязнаўцы і мастакі.
У сувязі з тым, што апошнім часам мясцовыя ўлады робяць шмат захадаў па забароне ці абмежаванні культурніцкіх імпрэзаў, была небяспека адмены канферэнцыі. Але ніхто не ўмяшаўся ў яе правядзенне, і яна адбылася ў канферэнц-зале гатэлю „Ворша”, што месціцца ў цэнтры горада.
Праўда, за паўгадзіны да пачатку канферэнцыі ў горадзе ўсё ж такі здарыўся непрыемны інцыдэнт. Госці імпрэзы на чале з мастаком Міколам Купавам (на здымку) завіталі ў музей Уладзіміра Караткевіча і былі спыненыя ўжо на ўваходзе. Дырэктарка музею Ліна Гатоўская, якая загадзя была папярэджаная пра візіт гасцей навуковай канферэнцыі ва ўстанову, запатрабавала ад кожнага госця заплаціць за ўваходны квіток 20 тысяч рублёў. Давялося плаціць і Міколу Купаву, нават нягледзячы на тое, што ў гэтыя дні ў музеі праходзіць выстава ягоных карцін па творы Караткевіча „Лебядзіны скіт”. Адзначым, што яшчэ пару гадоў таму музей Караткевіча лічыўся адным з асяродкаў беларускай культуры горада, цяпер жа большасць імпрэзаў тут забараняюцца. Тым не менш, госці не сталі чыніць скандалу, і Мікола Купава падараваў музею лінарыты „Вострая Брама” і „Вязынка”.
У сувязі з інцыдэнтам канферэнцыя пачалася са спазненнем. Магілёўскі краязнаўца Ігар Пушкін нездарма прыехаў у Воршу, ён тут нарадзіўся. Спадар Пушкін распавёў гісторыю пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь толькі зрабілася незалежнай. Гарадскі патрыятызм быў уласцівым усім аршанцам і тады, аднойчы будучы краязнаўца вяртаўся дадому ў раёне Заходняй на ўскрайку горада і пабачыў выкладзены каменнем герб Воршы, а знізу подпіс „Ваўкі” — у той час так называлася групоўка „раёншчыкаў”, якія наводзілі страх на ўсіх жыхароў сваімі бойкамі на танцах з „байцамі” іншых раёнаў.
Аршанскі гісторык Юрась Копцік згадаў, чаму паўстала патрэба надаць Воршы Магдэбургскае права. З узяццем Смаленска расейцы маглі лягчэй праходзіць углыб нашай краіны, таму ўзнікла неабходнасць умацоўваць Падняпроўе, перш за ўсё Воршу. Таксама гісторык адзначыў, што старабеларуская мова падабаецца яму болей за сучасную і прачытаў на ёй урывак з Магдэбургскага прывілею.
На сустрэчы выступілі таксама бард Андрэй Мельнікаў і пісьменнік Зміцер Дзядзенка, які яшчэ 20 гадоў таму выдаў унікальны зборнік „Аршанская шляхта” з пералікам прозвішчаў шляхты, якая мела маёмасць і пражывала на Аршаншчыне. Адным з найболей эмацыйных момантаў канферэнцыі стаў выступ прадстаўніка Фонда імя Льва Сапегі Андрэя Завадскага, у якім ён яскрава давёў неабходнасць рэформаў у нашай краіне і пераходзе да мясцовага самакіравання. Выступоўца абверг ілжывыя словы пра тое, што Магдэбургскае права нібыта замацоўвала феадалізм. Наадварот, прывілей для Воршы і іншых нашых гарадоў і мястэчак быў вялікім крокам да самакіравання і прагрэсу. Неабходнасць самакіравання для развіцця горада, паводле словаў спадара Завадскага, зразумелая яшчэ ад першых людзей — Адама і Евы. Ёсць і прынагодная фраза: „Адам араў, а Ева прала. І дзе ж тады была дзяржава?”
Гісторык з Воршы Віктар Лютынскі ў сваім слове прыгадаў, што аршанскія вуліцы шмат разоў пераназываліся і ў выніку амаль не засталося вуліц з гістарычнымі назвамі. Краязнаўца спадзяецца, што ў будучыні вуліцам Воршы будуць вернутыя старыя назвы. Мікола Купава заклікаў аршанскіх краязнаўцаў падымаць з глыбіняў гісторыі ўсё больш славутых імёнаў, напрыклад, надзяліць большай увагай ваяводу полацкага Гаштольда і аршанскага старасту Заслаўскага, якія восем разоў адбівалі напады падступнага ворага з Усходу і такім чынам баранілі не толькі Воршу, але і ўсю краіну.
Першыя крокі да самакіравання жыхары Воршы зрабілі яшчэ за 70 гадоў да Магдэбургскага права. Ужо ў 1551 годзе месцічы абіралі войта і шэсць ягоных паплечнікаў. У 1591 годзе гэтае права было пацверджана. Магдэбургскае права Ворша атрымала 13 снежня 1620 года на Варшаўскім вальным сойме ад караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы і стала 30-м горадам тагачаснай краіны з падобным прывілеем. Права на самакіраванне ў Воршы было скасавана акупацыйнымі расейскімі ўладамі ў лістападзе 1775 года асабістым указам імператрыцы Кацярыны ІІ.
Беларускае Радыё Рацыя, Ворша