Украіна рыхтуе санкцыі супраць расейскіх выдавецтваў



Дзяржкамтэлерадыё Украіны ўнёс на разгляд урада краіны праект пра ўжыванне персанальных санкцый супраць шэрагу расейскіх выдавецтваў, якія „ствараюць і распаўсюджваюць прадукцыю антыўкраінскага характару”.

Па выніках маніторынгу раней у ведамстве быў складзены пералік кніжных выданняў, змест якіх нібыта накіравана на „ліквідацыю незалежнасці Украіны, прапаганду гвалту, распальванне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасці, здзяйснення тэрарыстычных актаў, замах на правы і свабоды чалавека”. У цяперашні час у гэтым пераліку 192 выданні і 35 выдавецтваў РФ. Пры гэтым іх назвы не пазначаныя.

Калі праект будзе ўхвалены ўрадам, далей дакумент будзе вынесены на разгляд Савета нацыянальнай бяспекі і абароны.

У пачатку 2017 года ва Украіне ўступіў у сілу закон, які абмяжоўвае ўвоз у краіну „замежнай прадукцыі антыўкраінскага зместу”. У красавіку 2017 года ўрад зацвердзіў парадак абавязковай канфіскацыі з абарачэння вырабленай у РФ выдавецкай прадукцыі, якая трапіла ў Украіну без адпаведнага дазволу.

ej.by