Украінка Агата Вільчык выступіла ў Полацку



Узыходзячая зорка ўкраінскай эстрады Агата Вільчык выступіла з канцэртам у Полацку. Ён адбыўся ў кавярні “Раздол” у межах туру спявачкі па Беларусі.

„Голас, які вы не забудзеце”, – так анансавалі выступ украінскай спявачкі арганізатары канцэрта. І сапраўды, моцны голас Агаты Вільчык зачараваў полацкіх слухачоў.

Паводле Агаты Вільчык, у Беларусі яна ўпершыню, дала ўжо канцэрты ў Гомелі і Менску, яшчэ адзін канцэрт адбудзецца ў Віцебску. Як заўважыла спявачка, паўсюль уважлівая і ўдзячная публіка:

– Мне б, напэўна, хацелася большых заляў – гэта магчыма, трэба толькі штосьці рабіць для гэтага. Мне падаецца, што ўсё магчыма. Канешне, калі я раней грала нешта незразумелае, то прыходзіла мала людзей. Калі я спяваю кавер-версіі песень, прыходзіць больш людзей. Мне цікавей даследаваць сваю музыку, там складаней. Я лічу, што трэба пець усё па-троху, калі не адразу, то ўсё роўна будзе зразумела.

У яе  музыцы спалучаюцца бардаўскія і старыя песні з фільмаў эстрады, а таксама авангардны джаз ды этна-напевы.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Таццяна Смоткіна