Украінская дударка Вера Брэнер: Мы максімальна падтрымліваем зняволеных музыкаў
У Кіеве каля амбасады Беларусі ва Украіне прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх дудароў і непасрэдна гурта „Irdorath”, якіх затрымалі 2 жніўня 2021 года. Тут музыкі з Украіны і Беларусі разам на дудах выканалі кампазіцыі “Тры чарапахі” і “Перемен”, а таксама выказалі падтрымку зняволеным. “Мы максімальна, чым можам, нашымі душамі, нашымі словамі і думкамі, падтрымліваем музыкаў і вельмі чакаем паляпшэння сітуацыі, свабоды для іх і справядлівасці”, – зазначае ўкраінская дударка Вера Брэнер.
„Мы за гэтыя гады шмат падарожнічалі разам і паспелі добра пазнаёміцца. З Надзеяй і Уладзімірам мы пасябравалі, таму што яны былі ў самым першым складзе, мы былі як родныя. Калі я даведалася што іх затрымалі, тым больш у дзень нараджэння Надзеі, для мяне гэта быў сапраўдны шок. Тое, што з імі зараз адбываецца, проста не ўкладаецца ў галаве. Таму я шчыра спадзяюся, і жадаю, каб усё скончылася максімальна справядліва”.
Музыкі гурта “Irdorath” разам з сябрамі былі затрыманыя роўна два месяцы таму на Дні нараджэння вакалісткі Надзеі Калач. На мерапрыемства ўварваліся байцы ГУБАЗіК і САХР з аўтаматамі ў руках і затрымалі 16 чалавек за ўдзел у пратэстах жніўня-2020. Некаторым з іх далі штрафы, некаторым – суткі арышту. Супраць шасцярых распачалі крымінальныя справы. Цяпер ім пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі. Артысты знаходзяцца ў СІЗА.
Беларускае Радыё Рацыя