Украінская літаратурная прэмія – для беларускага паэта
Міхась Скобла стаў лаўрэатам украінскай літаратурнай прэміі імя Панцеляймона Куліша.
З гэтай нагоды з ім пагутарыў Алесь Аркуш.
РР: Адразу хачу павіншаваць з новай літаратурнай прэміяй, якую ты атрымаў. Але гэта прэмія не беларуская. Што гэта за прэмія?
Міхась Скобла: Гэта ўкраінская прэмія. Яе ў свой час заснаваў Саюз пісьменнікаў Украіны. А цяпер яна ўручаецца ад імя Літаратурна-мастацкай Акадэміі. Гэта такая грамадская Акадэмія, якая існуе ва Украіне. Я пацікавіўся, у Вікіпедыі ёсць асобная старонка пра яе. Мне прыемна, што маімі папярэднікамі, лаўрэатамі прэміі імя Панцеляймона Куліша, былі такія выдатнейшыя паэты, як украінец Васіль Галабародзька, паляк Багдан Задура. Прыемна знаходзіцца ў такой кампаніі.
РР: А як праходзіла сама цырымонія ўганаравання?
Міхась Скобла: Гэта было для мяне нечакана. Я прыехаў у Чарнігаў на Форум памяці Уладзіслава Ахроменкі. Сябра свайго, хоць блізкімі мы не былі, але зналіся яшчэ з 80-х гадоў. Я яго вельмі цаніў, як пісьменніка, як празаіка, як чалавека, які фантаніраваў рознымі праектамі, ідэямі. Ён быў як жывое срэбра, не сядзеў на месцы ніколі. Скарыстаўся тым, што ва Украіне адкрытыя архівы КГБ, і раскапаў там вельмі шмат спраў, датычных і беларусаў. Нас чалавек 15 прыехала з Беларусі, і чалавек 20 было з Украіны. Адбыліся там літаратурныя чытанні. Кожны меў магчымасць выступіць, пачытаць нешта сваё. Ну і раптам падымаецца незнаёмы мне раней Сяргей Дзюба і кажа, што ён прадстаўляе гэтую Літаратурна-мастацкую Акадэмію. І мае гонар вітаць новага лаўрэата. І назваў маё прозвішча. Радасць удвая прыемней, калі нечакана. Вось так яно і адбылося.
РР: А што сабой уяўляе гэтая прэмія?
Міхась Скобла: На жаль, ніякай матэрыяльнай падтрымкі гэтая прэмія не мая. Гэта прыгожы медаль, прыгожы дыплом. Але я не наракаю, ва Украіне ідзе вайна, і патрабаваць яшчэ нейкіх грошай, як дадатак да гэтай прэміі, мне і ў галаву не прыходзіць.
РР: Калі прэмію ўручаюць, заўсёды кажуць, за што ўручаецца прэмія. Ці пералічвалі твае заслугі перад украінскай літаратурай?
Міхась Скобла: Калі адным радком, то гэта за папулярызацыю ўкраінскай паэзіі ў Беларусі. І сапраўды я даволі шмат пераклаў украінскіх паэтаў, пераважна сучаснікаў.
Цалкам размова:
Гэта не першая літаратурная прэмія ў Міхася Скоблы. У 2000 годзе ён быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча, а 2016-м – Міжнароднай літаратурнай прэміяй «Воін святла».
Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя