Украінцы закахаліся ў паэзію Міхася Скоблы



У горадзе Хмяльніцкім (Украіна) адбыўся літаратурны фестываль “Слова яднае” ў межах гарадскога свята – Дня горада. На свята быў запрошаны і беларускі паэт, перакладчык і журналіст Міхась Скобла.

Вялікай нечаканасцю для беларуса стаў падарунак – зборнік ягоных вершаў у перакладзе на ўкраінскую мову  “Жадання”. Зборнік пераклалі Васіль Гарбацюк і Мікола Клец.

Па словах Міхася Скоблы, на Украіне, напрыклад, у тым жа Хмяльніцкім, некалькі разоў на год засядае абласная Рада па культуры, якая вырашае шмат пытанняў, у тым ліку і выдавецкіх. “Рашэнне Рады ніколі не адмяняецца, як вырашаць сябры Рады, так і будзе. Вось Рада і вырашыла, што сёлета па-ўкраінску выйдзе мой зборнік вершаў розных гадоў. Для мяне гэта было вялікай нечаканасцю і радасцю, бо да апошніх хвілінаў перад маім выступленнем на свяце, я пра зборнік вершаў нічога не ведаў. А потым ад украінцаў атрымаў вась такі падарунак. Дзякуй вялікі ім за ўсё! І, наогул, нам далёка да Украіны, якая шмат робіць дзеля сваёй нацыянальнай культуры, літаратуры і гісторыі. Таму ёсць нам чаму павучыцца ў украінцаў”, – сказаў Міхась Скобла.

– Акрамя свята, дзе яшчэ прыйшлося выступаць?

– На Хмяльніцкім тэлебачанні я меў 15 хвілін жывога эфіру раніцай. На радыё – паўгадзіны. Усюды прасілі выступаць па-беларуску. Адбылася таксама сустрэча ў Хмяльніцкім універсітэце са студэнтамі, чалавек 200 было.

– Міхась, хто запрасіў цябе ў Хмяльніцкі?

– Арганізаваў прыезд госця з Беларусі Васіль Гарбацюк – дырэктар Хмяльніцкага абласнога літаратурнага музея.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя   

Фота з архіва Міхася Скоблы