Уладальнікам галоўнага прыза прэміі імя Гедройця стаў Уладзімір Арлоў



Уладальнікам галоўнага прыза VII Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця стаў Уладзімір Арлоў з кнігай „Танцы над горадам”. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 11 кастрычніка ў прасторы Zal#2 галерэі „Арт-Беларусь” у сталічным Палацы мастацтва.

Калегія журы прызнала Арлова лаўрэатам прэміі I ступені „за адраджэнне містычнай традыцыі ў беларускай прозе XXI стагоддзя”. Аўтар найлепшай кнігі атрымаў прыз — чэк на 5 тыс. еўра ў эквіваленце ў беларускіх рублях.

„Я прысвячаю гэтую прэмію усім маім танцоркам і танцорам, якія і зараз працягваюць танцаваць на дахах гарадоў гэтага і іншага светаў. Я ўдзячны Полацку, дзе мы ўсе пачалі танцаваць, выдавецтву „Логвінаў”, журы, якое прачыталі кнігу, і ўсім маім чытачам”, — сказаў пісьменнік.

Лаўрэатам прэміі II ступені „за паспяховае ўкараненне еўрапейскай культурнай традыцыі ў беларускі літаратурны працэс” чарговым разам стаў Альгерд Бахарэвіч з кнігай „Сабакі Эўропы”. Ужо чацвёрты раз пісьменніка ўзнагародзілі творчым адпачынкам на востраве Готланд у Швецыі.

Званне лаўрэата прэміі III ступені „за развіццё смехавай культуры ў сучаснай беларускай літаратуры” калегія журы прысудзіла Вінцэсю Мудрову за кнігу „Забойца анёла”. Аўтар не змог прыехаць на ўзнагароджанне, але яго выдавец абяцаў перадаць яму прыз — сертыфікат на выданне кнігі ў серыі „Кнігарня пісьменніка” Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сёлета на прэмію Гедройца прэтэндавалі аўтары 32 кніг. Акрамя лаўрэатаў у шорт-ліст літаратурнага конкурсу ўвайшлі Адам Глобус з кнігай „Сям’я”, Павел Севярынец з кнігай „Беларусалім” і Анка Упала з кнігай „На заснежаны востраў”.

У склад калегіі журы ўвайшлі філосаф Валянцін Акудовіч, філолагі Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, літаратуразнаўцы Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская і Ціхан Чарнякевіч.

На цырымоніі ўзнагароджання кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай адзначыла, што сёлета ў прэміі ўпершыню з’явіліся беларускія спонсары — адвакацкае бюро „Бараўцоў і Салей”, прыватнае прадпрыемства „Тэрасофт”, кампанія exp(capital), бізнесмен Юрый Зісер і інш.

Пасол Польшчы ў Менску Артур Міхальскі заявіў, што з моманту заснавання прэмія была закліканая „стымуляваць беларускае літаратурнае асяроддзе, узводзіць падмурак для яе стабільнага пастаяннага развіцця”. „У пэўным сэнсе мы рэалізуем волю вялікага патрыёта Рэчы Паспалітай з яе багаццем народаў, культур і моў, чалавека, чыім імем названая прэмія, — Ежы Гедройца. <…> Гэты чалавек як ніхто іншы сімвалізуе ідэю беларуска-польскага супрацоўніцтва. Пачатая некалькі гадоў таму праца па развіцці беларускай літаратуры прыносіць свой плён — ужо зараз мы можам казаць пра росквіт літаратурнай творчасці. Шмат цікавых і ўнікальных кніг ужо трапіла ў канон беларускай творчасці як важныя і цікавыя”, — падкрэсліў дыпламат.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця заснаваная 28 снежня 2011 года. Яе прысуджаюць за найлепшую кнігу, выданую (у папяровым або электронным варыянце) у папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэ. Заснавальнікамі выступілі пасольства Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

У 2012 годзе ўладальнікам прэміі стаў Павел Касцюкевіч („Зборная РБ па негалоўных відах спорту”), у 2013-м — Уладзімір Някляеў („Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”), у 2014-м — Ігар Бабкоў („Хвілінка. Тры гісторыі”), у 2015-м — Віктар Казько („Час збіраць косці”), у 2016-м — Макс Шчур („Завяршыць гештальт”), у 2017-м — Зміцер Бартосік („Быў у пана верабейка гаварушчы”).

belapan.by