Улады адмянілі “Бабіна лета з Нінай Мацяш”



На Берасцейшчыне прыкрай навіной стала адмена ўладамі літаратурна-песеннага фестывалю ў Белаазёрску “Бабіна лета з Нінай Мацяш”, а тым болей, што сёлета 80-гадовы юбілей знакамітай паэткі.

Пры гэтым сітуацыю актыўна абмяркоўваюць як літаратары з ліквідаванага Саюзу беларускіх пісьменнікаў, так і прадстаўнікі дзяржаўнага саюзу.

На думку літаратара з Берасця, перадусім захаванне і папулярызацыя спадчыны паэткі залежыць ад яе прыхільнікаў і паплечнікаў:

– Тут праца вядома ж вялікая, і ў першую чаргу гэта будзе залежыць ад тых людзей, хто быў знаёмы блізка з ёю, хто захоўвае гэтую спадчыну. Усё яшчэ наперадзе. І я думаю, што вось аднаго імя Ніны Мацяш дастаткова, каб усведамлялі, што гэта наша асветніца. Не толькі Берасцейскай зямлі, а зямлі беларускай.

Вядомая беларуская паэтка і перакладчыца, заслужаны дзеяч мастацваў Ніна Мацяш нарадзілася 20 верасня 1943 года ў Бярозаўскім раёне Берасцейшчыны. Яна аўтарка сямі зборнікаў лірыкі, пісала дзіцячыя п’есы і теле-сцэнары, між іншага перакладала на беларускую мову творы французскіх, нямецкіх і польскіх пісьменнікаў. Яе заўчасна не стала пятнаццаць гадоў таму.

Беларускае Радыё Рацыя