Улады хочуць ліквідаваць Беларускі ПЭН-цэнтр
Мінюст падаў пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭНа. Ведамства звярнулася ў Вярхоўны суд.
Ліст у арганізацыі атрымалі сёння, 22 ліпеня. У ім гаворыцца, што прадстаўніку арганізацыі неабходна з’явіцца ў судзе 20 ліпеня.
Нагадаем, 15 ліпеня сілавікі прыходзілі да Беларускага ПЭНа па юрыдычным адрасе.
ГУБАЗіК меў пастанову на ператрус, падпісаную генпракурорам. На арганізацыю, старшынёй якой з’яўляецца Святлана Алексіевіч, вешаюць 9 артыкулаў.
14 ліпеня сілавікі зрабілі вобшук па юрыдычным адрасе Беларускага ПЭН-цэнтра. У прадстаўнікоў ГУБАЗіК МУС была пастанова на вобшук, падпісаная генпракурорам. Аднак у сувязі з пандэміяй арганізацыя ўжо больш за год працуе ў дыстанцыйным рэжыме, таму па юрыдычным адрасе нікога з супрацоўнікаў не было. Паводле слощ Нядбай, сілавікі правялі вобшук у іншай арганізацыі, у якой такі ж юрыдычны адрас, канфіскавалі ўсю тэхніку, а супрацоўнікі гэтай арганізацыі сталі сведкамі. Віцэ-старшыні, паводле яе слоў, вядома пра распачынанне справы па шэрагу артыкулаў, у тым ліку ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 357, ч. 1 арт. 361-1, арт. 362 КК і іншых.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у той дзень у Менску і іншых гарадах падчас новай хвалі крымінальнага пераследу „трэцяга сектара” было праведзена не менш за 30 вобшукаў у кватэрах і офісах прадстаўнікоў НДА, затрымана больш за 10 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, грамадскія актывісты.
19 ліпеня стала вядома пра арышт рахункаў Беларускага ПЭН-цэнтра і некаторых іншых НДА, у якіх прайшлі вобшукі.
21 ліпеня Мінюст падаў іск у Вярхоўны суд аб ліквідацыі ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў” „у сувязі з непрыняццем мер па ліквідацыі парушэнняў з боку БАЖ і паўторным (пасля вынесенага пісьмовага папярэджання) парушэннем заканадаўства”.
БАЖ, у офісе якой 14 ліпеня таксама прайшоў вобшук, не згодная з папярэджаннем Мінюста і мае намер яго аспрэчваць.
У каментары БелаПАН намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі зазначыў, што асацыяцыя мае намер „да канца змагацца” за свой афіцыйны статус. „Відавочна, што гэта брутальная расправа над арганізацыяй”, — заявіў ён.
Паводле слоў Гарэцкага, Мінюст не паведаміў БАЖ афіцыйна пра намер ліквідаваць арганізацыю. Таксама ён падкрэсліў, што офіс БАЖ усё яшчэ апячатаны і арганізацыя не можа ліквідаваць парушэнні, бо ў яе няма доступу нават да статутных дакументаў і пячаткі, пра што БАЖ праінфармавала Мінюст.
Калі грамадскае аб’яднанне ліквідуюць, БАЖ мае намер працягваць працу — „абараняць сябе і займацца абаронай калегаў”, адзначыў Гарэцкі.
„БАЖ — гэта не толькі юрыдычны адрас і рэгістрацыя, а 25 гадоў паспяховай працы, якая працягваецца. Гэта больш чым 1.300 медыйшчыкаў, якія застаюцца ў БАЖ нягледзячы на ціск. Упэўненыя, наша супольнасць нікуды не дзенецца”, — сказаў прадстаўнік асацыяцыі.
Мінюст падаў таксама іск аб прыпыненні дзейнасці руху „За Свабоду”.