Улады ліквідуюць «Гарадзенскі рок-клуб», які заснаваў палітвязень Ігар Банцэр



Культурна-асветніцкая ўстанова „Гарадзенскі рок-клуб” знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Так вырашыў Гарадзенскі гарвыканкам 23 ліпеня, паведамляе hrodna.life. Заснаваў рок-клуб у 2014 годзе лідар гурта „Mister X” Ігар Банцэр. Цяпер ён адбывае „хімію”.

Культурна-асветніцкая ўстанова „Гарадзенскі рок-клуб” была зарэгістравана Гарадзенскім гарвыканкамам 23 траўня 2014 года. Яго дырэктарам быў Ігар Банцэр.

Ігару Банцэру 41 год. Ён — лідар гарадзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. Жанаты, трое дзяцей. Вегетарыянец, антыфашыст, стрэйтэйджэр.

Ігара затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцыянтам 5 верасня. Ігара заключылі пад варту, трымалі ў адзіночнай камеры, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Менск, змяшчалі ў карцар.

Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка прызнала Ігара Банцара вінаватым у хуліганстве і прысудзіла яму 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З улікам знаходжання пад вартай Ігару засталося адбыць восем месяц пакарання. Ён адбывае іх у Віцебску.

novychas.by