Улады забаранілі Вайцюшкевічу выступіць, прызнаўшы яго творчасць экстрэмісцкай



Адмова ў выдачы гастрольнага пасведчання музыку Змітру Вайцюшкевічу звязаная з характарам творчасці выканаўцы, якая падпадае пад дзеянне пункта 5 главы 2 указа кіраўніка дзяржавы №257.

im8889o

У ім вядзецца пра тое, што забаронена арганізацыя і правядзенне канцэртаў, якія “маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрымісцкай дзейнасці; прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва”.

Такі адказ за подпісам першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – кіраўніка ўпраўлення культуры Менгарвыканкама Віталіны Рудзікавай атрымаў Зміцер Вайцюшкевіч. Ён спрабаваў 22 ліпеня ў Доме Масквы зладзіць канцэрт з песнямі на вершы Уладзімера Маякоўскага з нагоды дня народзінаў паэта.

– Некаторыя канцэрты дазваляюцца і дзякуй Богу. Але зноў нас дзеляць на лепшых і горшых. А момант развіцця беларускай культурнай прасторы губляецца. Не зразумела, што ў галавах у гэтых чыноўнікаў, хутчэй за ўсё гэта банальны страх за сваё крэсла, за тых, хто запытае ў іх “зверху”. Цяжка сказаць, што такое “канстытуцыйная бяспека” для іх саміх. 

Як адзначае Зміцер Вайцюшкевіч, калі раней яго выступы зрываліся проста па тэлефанаванню зверху, то ў гэтым выпадку чыноўнікі ўпершыню далі афіцыйнае тлумачэнне, фактычна прызнаўшы яго экстрэмістам.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя