Уладзімір Арлоў: Не мы выбіраем дарогі, а дарогі выбіраюць нас



Лёс беларускіх літаратараў вельмі нялёгкі, асабліва тых, хто ўваходзіў у няправільны „Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Ён быў ліквідаваны антыбеларускім рэжымам ў кастрычніку 2021 года.

З сённяшнім „Госцем Рацыі”, сябрам ліквідаванага „Саюза беларускіх пісьменнікаў”, Уладзімірам Арловым мы пагаворым пра яго творчы шлях у цяжкіх умовах таталітарызму:

РР: Колькі кніг вы напісалі пра беларускую гісторыю?

– У мяне больш за дзесяць кніг гістарычнай прозы. Пачынаючы з першай маёй кнігі „Дзень, калі ўпала страла”, якая выйшла ў далёкім 1988 годзе. Больш за дзесяць кніг гістарычных эсэ і навукова-папулярных тэкстаў. Так што цэлая бібліятэчка з двух дзясяткаў кніг. Я спадзяюся, што нашы слухачы і чытачы знаёмыя з некаторымі з гэтых кніг, я проста назаву назвы „Адкуль наш род”, якая ў свой час была ў школьных праграмах і цяпер яшчэ застаецца для пазакласнага чытання. Кніга „Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, кніга „Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя”, „Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя”. „Таямніцы полацкай гісторыі” – гэта прызнанне маё ў любові да майго роднага горада, там дзе мае „Альфа і Амега”, куды я калісьці вярнуся абавязкова. Кніга „Ад Полацка пачаўся свет”, дзе праз гісторыю Полацка я спрабую паразважаць над гісторыяй усёй Беларусі. Яшчэ я хачу згадаць вельмі важную для мяне кнігу „Імёны свабоды”. Сярод ужо амаль 400 герояў якой тыя, хто з часоў Тадэвуша Касцюшкі да нашых дзён змагаўся за свабоду ў самых розных яе вымярэннях і ўвасабленнях. Я спадзяюся, што гэта мая маленькая бібліятэка папоўніцца новымі кнігамі ці прынамсі перакладамі гэтых кніг на іншыя мовы. Мая „Краіна Беларусь” выходзіла па-нямецку, ангельску і па-расейку. „Вялікае Княства Літоўскае” выходзіла па-беларуску і па-ангельску. Я спадзяюся, што будуць іншыя пераклады.

РР: Вы скончылі гістфак. Чаму выбралі дарогу літаратара, а не настаўніка?

Не мы выбіраем дарогі, а дарогі выбіраюць нас. Я нейкі час працаваў школьным настаўнікам гісторыі, але я зразумеў, што ўсё ж такі маё пакліканне ў іншым. Я ўжо тады імкнуўся сур’ёзна займацца сваімі літаратурнымі студыямі. Наконт таго, чаму я выпускнік гістфаку стаў пісьменнікам. Па-першае, як мы ўжо гаварылі, гістарычная тэма ў мяне адна з галоўных, хоць у мяне ёсць і проза, паэзія, так званыя сучасныя тэмы. Хоць я думаю, што падзел на гістарычную і сучасную прозу дастаткова ўмоўны, бо чалавек ва ўсе часы застаецца самім сабой. На маю думку, з часоў антычнасці, маральнага прагрэсу не існуе. Можаце са мной спрачацца, але я думаю, што чалавек часоў Эсхіла і Сафокла ды чалавек наш з вамі сучаснік, яны вельмі падобныя. Жыццёвая матрыца проста зноў і зноў ставіць чалавека, у якую б эпоху ён не жыў, перад аднымі і тымі ж праблемамі – захаваць вернасць сваімі ідэалам, сваім перакананням ці здрадзіць ім, стаць на бок дабра ці знаходзіцца на баку зла. Нашы сучасныя падзеі зноў сведчаць пра тое, што гэты выбар стаіць перад кожным з нас.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З госцем Радыё Рацыя Уладзімірам Арловым размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя