Уладзімір Арлоў: Пераўтварэнне Полацка ў райцэнтр трэба спыніць
“Пасля гэтага злачынства Полацак на вачах пачаў занепадаць,” – так славуты пісьменнік Уладзімір Арлоў пракаментаваў ліквідаванне ў 2013 годзе статусу Полацка як горада абласнога падпарадкавання і пераўтварэнне яго ў шараговы раённы цэнтр.
Цяпер тут не ствараюцца новыя музеі, не ўсталёваюцца новыя помнікі, спынілася выкананне планаў развіцця горада як турыстычнага цэнтра:
– Не разумеючы таго, колькі Полацк мог бы прынесці нашай краіне аўтарытэту і проста фінансавых сродкаў, прымаецца рашэнне, што ён ператвараецца ў адміністрацыйную адзінку, якая называецца раённым цэнтрам. Што азначае скасаванне гарвыканкама, скасаванне гарадскога аддзела культуры, скасаванне іншых структур, якія ўжо мелі добры досвед працы ў такім складаным, у сэнсе з развітай гісторыяй і культурай, горадзе.
У новым турыстычным даведніку ўжо пазначана, што Полацк стаў цэнтрам раёна, нібыта гэта нейкая важная гістарычная веха горада:
– У кнізе храналогія гарадскіх падзеяў заканчваецца такой датай: 2013 год – Полацк стаў сталіцай Полацкага раёна. Гэта як бы апафеоз, відаць, у вачах тых, хто замаўляў гэтую кнігу. Яны прыйшлі да ўлады, Полацк стаў іхняй сталіцай – сталіцай Полацкага раёна.
Уладзімір Арлоў лічыць, што ў Беларусі павінна пачацца грамадская кампанія па ліквідаванні гэтага ганебнага пераўтварэння Полацка ў райцэнтр.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара