Уладзімір Арлоў: Пісьменнік толькі пачынае кнігу, а заканчвае яе чытач
Летась у люблінскім выдавецтве „Варштаты культуры” выйшла кніга Уладзіміра Арлова ў перакладзе на польскую мову. Гэта зборнік баладаў „Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”. Кнігу пераклаў вядомы перакладчык і паэт Богдан Задура.
Зараз адбываецца прэзентацыйны тур кнігі. Першая прэзентацыя прайшла ва Уроцлаве. Учора Уладзімір Арлоў сустрэўся з чытачамі ў Бельску-Падляшскім. Па завяршэнні сустрэчы з ім паразмаўляў Алесь Аркуш.
– Я ўдзячны лёсу за гэта безумоўна. Я гаварыў пра тое, што сам Бельск і ваколіцы яго – Сямятычы, Сураж, Чыжы, Лапы згадваюцца ў маёй новай кнізе „Айчына. Маляўнічая гісторыя” ад Агінскага да Багушэвіча ў сувязі з падзеямі паўстання 1863 года. У іншай маёй кнізе „Імёны свабоды” герой Язэп Варонка – старшыня першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, які нарадзіўся на Беласточчыне ў Кузніцы. Безумоўна гэта месца нараджэння Кастуся Каліноўскага – Мастаўляны, куды я не магу, на жаль, з’ездзіць, бо там дагэтуль надзвычайнае становішча ў сувязі з міграцыйным крызісам.
На гэтай сустрэчы я згадваў славутых нарадзінцаў Бельска. Выбітную беларускую паэтку з Беласточчыны Надзею Артымовіч. Этнографа-краязнаўца Дарафея Фіёніка. Польскага пісьменніка Ежы Плутовіча. Іосіфа Лангбарда – славутага архітэктара, які збудаваў у Менску знакавыя будынкі: Дом ураду, Оперны тэатр, Акадэмію навук і нават кінатэатр „Перамога”. Яраслаў Іванюк нарадзіўся ў Бельску – кіраўнік Kamunikat.org, які быў адным з арганізатараў сустрэчы. Мне вельмі падабаецца герб Бельска – „Тур”. Гэта ўнікальны герб па-свойму, бо тур хаваўся ў нашых лясах і пушчах да сярэдзіны 16-га стагоддзя, а цяпер ён толькі на гербе Бельска застаўся. Я экспромтам падлічыў, што Бельск упершыню згадваецца ў летапісах роўна на 700 гадоў, чым я нарадзіўся, у 1253 годзе.
Спадабалася вельмі публіка. Бургамістр задаў вельмі цікавае пытанне пра маю кнігу, чаму яна называецца менавіта „Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”, хоць там такога твору няма. У мяне ў сцэнары было прамаўчаць пра гэта і вось як раз той чалавек, які адгукнуўся на маю таемную задуму, быў бургамістр, якому я з прыемнасцю падпісаў потым кнігу. Такая цёплая адбылася фатограф-сесія. Як мы ведаем, пісьменнік толькі пачынае кнігу, а заканчвае яе чытач. Так што я спадзяюся, што ў наступныя вечары мае балады будуць чытаць прадстаўнікі бельскай інтэлігенцыі, якія сёння сабраліся, нягледзячы на тое, што мы гэтую сустрэчу праводзілі ў трывожны час, калі зусім недалёка вайна, калі былое жыццё апускаецца, як Атлантыда ў хвалі, калі нейкія новыя прыярытэты з’яўляюцца. Тым больш радасна было, што ў гэты час ёсць людзі, для якіх усё ж такі істотная ў жыцці культура, літаратура, паэзія. Гэта вельмі важна для літаратара.
Гэта ўжо чацвёртая кніга Уладзіміра Арлова, якая выйшла ў Польшчы. Папярэдняя кніга „Паром праз Ла-Манш”, якую выдалі ў Гданьску ў 2009 годзе, атрымала літаратурную прэмію „Еўрапейскі паэт свабоды”.
Беларускае Радыё Рацыя