Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Беластоку дзве новыя кнігі – «Айчына» і «Імёны Свабоды»
Папулярная беластоцкая кніжная серыя Уладзіміра Арлова папоўнілася яшчэ дзвюма кнігамі – «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча» і «Імёны Свабоды» (дапоўненая версія). Цяпер у серыі стала дзевяць кніг. Абедзве новыя кнігі пісьменнік прэзентаваў на гістарычным клубе Beer&History.

– Раней мы прэзентавалі тут перавыданні маіх вядомых вельмі дарагіх для мяне кніг. А цяпер выйшла цалкам новая кніга «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча» і пятае выданне кнігі «Імёны Свабоды». Гэтая кніга выйшла ў новым дызайне. Шмат давялося мне яе дапрацоўваць, удакладняць. У папярэднім, чацвёртым, выданні было 366 герояў. Па адным героі можна было для знаёмства абіраць на кожны дзень, нават калі год вісакосны. У гэтым, пятым, выданні ўжо 410 герояў.
Гэтая прэзентацыя адбылася ў межах праграмы мерапрыемстваў з нагоды 105-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму на пачатку прэзентацыі Уладзімір Арлоў прачытаў невялікую лекцыю пра этапы беларускай дзяржаўнасці – ад Полацкага княства да аднаўлення незалежнасці ў 1991 годзе.







Беларускае Радыё Рацыя
