Уладзімір Караткевіч і хрысціянства
„Уладзімір Караткевіч і хрысціянства” – пад такой назвай прайшла вечарына ў Гародні. Яе арганізавалі вернікі свята-пакроўскага кафедральнага сабора. На колькі ж хрысціянскім быў пісьменнік і паэт Караткевіч? На гэта пытанне адказвалі святары і навукоўцы. Кажа святар Георгі Рой, настаяцель сабора:
– Уладзімір Караткевіч – гэта самы любімы беларускі пісьменнік сярод нашага духавенства. І вось пачалася такая дыскусія: якое ж яго стаўленне да хрысціянства, да царквы? Выявілася, што нашы думкі разыходзяцца. Дыскусія была цікавая. І тады ўзнікла ідэя вынесці гэту тэму на больш шырокую аўдыторыю і запрасіць людзей, якія маглі б цікава і кампетэнтна адказаць на тыя пытанні, якія ў нас узніклі.
Як заўважыў у час дыскусіі госць з Менска Ціхан Чарнякевіч, Уладзімір Караткевіч быў бы ўсцешаны, што ўся імпрэза прайшла на роднай мове. Менскі госць падараваў бібліятэцы праваслаўнага прыходу Свята-Пакроўскага сабора апошні нумар часопіса „Дзеяслоў”, дзе апублікаваны невядомы дзённік Уладзіміра Караткевіча.
Напрыканцы вечарыны айцец Георгі Рой падсумаваў: талент славутага літаратара – гэта вялікі божы дар для Беларусі.
Таксама на імпрэзе выступілі прафесар Аляксей Пяткевіч, манах Ян Бембель, паэт Анатоль Брусевіч, святары Павел Каспяровіч ды Георгі Рой.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара