Уладзімір Караткевіч на Слонімшчыне



26 лістапада спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (1930-1984).

Уладзімір Караткевіч моцна любіў Беларусь, яе гісторыю і людзей. Але больш за ўсё ён любіў падарожнічаць па роднай Бацькаўшчыне. З вандровак ён прывозіў новыя задумкі, тэмы і творы. Бываў Уладзімір Караткевіч і на Слонімшчыне. Упершыню ён наведаўся сюды летам 1963 года. Разам з ім прыязджалі Янка Брыль і Уладзімір Калеснік. Пазней пра гэту паездку на Слонімшчыну і пра сваіх сяброў пісьменнік напіша ў артыкулах “Мой друг і мая зямля” і “Шляхі ў палях”. Што ж уразіла ў Слоніме вялікага літаратара ў першы прыезд? “Быў Слонім, роўны канал і крэмавыя старыя будынкі, ля муроў якіх, у закутках, раслі каравыя старажытныя каштаны, — піша Уладзімір Караткевіч. — У Слонімскім музеі ўразіла мяне адна рэч. Я тады пасаромеўся пра яе сказаць. А шкада, можа б, насмяяліся. Уразіла каменная галава язычаскага Бога. Невядомы скульптар, высякаючы яе, відавочна, меў на ўвазе Янку. Аблічча было такое самае — моцнае і масіўнае. Вачэй, што праўда, не хапала. Разумных чалавечых вачэй. Што зробіш, продкі таксама ўсяго не прадбачылі… І толькі гэта ўнутранае падабенства дало мне тады шчаслівае адчуванне рэальнасці таго фантастычнага хараства, што буяла вакол. Аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў і адной з найпрыгажэйшых вёсак Беларусі — Кракоткі, і замкаў, і старых муроў”.

Што датычыць вёскі Кракотка, дык пісьменнік яе, сапраўды, вельмі моцна палюбіў. У артыкуле “Шляхі ў палях” ён зноў прыгадвае гэтую вёску і яе людзей: “Мы ў Малой Кракотцы, у сябра-настаўніка, дужа добрага чалавека. Малая Кракотка — адна з найпрыгажэйшых вёсак, што мне давялося бачыць за ўсё жыццё…”.

Вёска Кракотка — вельмі прыгожая вёска з багатай гісторыяй, нацыянальнымі традыцыямі, са знакамітымі людзьмі. Яшчэ ў 1927 годзе тут была адкрыта беларуская бібліятэка імя Янкі Купалы. Гэта першая ў Беларусі ўстанова, якой было прысвоена імя Народнага Песняра. У такім прыгожым і багатым на таленты куточку Слонімшчыны не пабываць і не палюбіць яго — Уладзімір Караткевіч проста не мог.

Другі раз наведаў ён Слонім у жніўні 1966 года ў складзе здымачнай групы “Беларусьфільма”, якая здымала кароткаметражны дакументальны фільм “Памяць каменя”. Са Слоніма іх шлях ляжаў у Сынковічы, Пружаны, Берасце.

Уладзімір Караткевіч не толькі бываў на Слонімшчыне, але і шчыра сябраваў з многімі слонімцамі. У добрых сяброўскіх адносінах ён быў з Анатолем Іверсам, Іванам Чыгрыным, Сцяпанам Міско і з Міколам Грынчыкам, які быў родам з Быценя. Дарэчы, у маі 1967 года разам з Міколам Грынчыкам Уладзімір Караткевіч зноў наведаў Слонім і Быцень, а таксама вёску Мілавіды, дзе ў 1863 годзе адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі.

Вельмі шчыра сябраваў Уладзімір Караткевіч з Алегам Лойкам. Разам яны аб’ездзілі амаль усю Беларусь, прымалі ўдзел у літаратурных вечарах і сустрэчах. Бываючы ў Слоніме, пісьменнік заўсёды гасціў у бацькоўскай хаце Алега Лойкі, якая знаходзіцца на Зялёнай вуліцы.

У жніўні 1981 года Уладзімір Караткевіч прыехаў у Слонім разам з жонкай Валянцінай Браніславаўнай і гісторыкам Анатолем Кулагіным. Тады Валянціна Караткевіч і Анатоль Кулагін збіралі матэрыялы для будучай сваёй кнігі “Помнікі Слоніма”. Яны спыніліся ў хаце Алега Лойкі, дзе за багатым сталом вялі гутарку пра гісторыю Слоніма. А пасля Валянціна Караткевіч паклікала пісьменнікаў на вуліцу і сфатаграфавала іх на памяць.

karatkevic

Вялікую дапамогу ў напісанні кнігі “Помнікі Слоніма” аказваў жонцы Уладзімір Караткевіч. Кніга атрымалася ўнікальнай, да сённяшняга дня ніхто падобнай пра помнікі Слоніма так і не напісаў. На жаль, Валянціна Караткевіч сваю кнігу так і не пабачыла. Яе не стала ў пачатку 1983 года, а кніга выйшла з друку праз паўгода.

Бываючы ў Слоніме, Уладзімір Караткевіч любіў пахадзіць па берагах Шчары і канала Агінскага, а таксама завітаць у Слонімскі краязнаўчы музей. У сваім знакамітым нарысе “Зямля пад белымі крыламі” ён пісаў: “Ціхая даліна Шчары. Песцяць вока зялёныя лугі, узгоркі, лясы. І на беразе, як цацка, Слонім. Сямісотгадовы юнак. Чыстая вада з зялёнымі косамі водарасцяў, што звіваюцца ад хуткасці, амывае яго, бягуць угору і ўніз маляўнічыя вулачкі, бялеюць вежы. Галоўным чынам беларускае барока XVI — XVII стст., але не вычварнае і раскошнае, а простае і строгае. Мясцовы густ.

Тут найлепшы мясцовы музей ва ўсёй Беларусі, музей, які не саступіць і абласному. Прынамсі, ён быў такі, пакуль жыў яго заснавальнік і дырэктар на працягу дзесяткаў год І. Стаброўскі. Пры апошнім наведванні музей мне спадабаўся менш. Экспазіцыя горшая, некаторыя вельмі цікавыя рэчы ў запасніку, а менш цікавыя занялі іх месца.

Прамысловасць тут, галоўным чынам, харчовая, лёгкая (ільнозавод, фабрыка тэкстыльная і мастацкіх вырабаў) і металаапрацоўчая.

А вакол колькі ўсяго! Канал, пабудаваны дзядзькам кампазітара Агінскага, цікавы папярова-кардонны камбінат у Альбярціне, унікальная ў сваёй прыгажосці і суровасці не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе царква-крэпасць у Сынковічах, такая сумнаадлучаная ад усяго сярод масіваў яблыневых садоў. І комплекс былога ўніяцкага манастыра ў Жыровічах (XVII ст.) з неацэнным сваім жывапісам…”.

Захапляўся Уладзімір Караткевіч і Бяздонным возерам, цікавіўся старажытна-славянскім могільнікам V – IX стагоддзяў, што ля вёскі Клепачы. Пра гэта ён пісаў у сваім рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Уладзімір Караткевіч пражыў усяго 54 гады. Ён заўсёды радаваўся сустрэчам са слонімскай зямлёй і яе людзьмі. Зямля наша захавала яго сляды, а мае землякі — памяць пра пісьменніка.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з архіва аўтара.

На здымку: Анатоль Кулагін, Уладзімір Караткевіч і Алег Лойка ў Слоніме, 1981 г.