Уладзімір Караткевіч: „З боскага цудоўнага Слоніма…”
На вуліцы Жыровіцкай у Слоніме ў сваім прыватным доме зусім нядаўна жыў былы журналіст “Знамя юности”, “Голаса Радзімы”,“Гродзенскай праўды”, калекцыянер і цікавы чалавек Міхаіл Рылко (1934-2012). Міхаіл Рылко аб’ездзіў некалі ўсю Гарадзеншчыну. Напісаў і выдаў некалькі кніг, сярод якіх – “Чайкоўскія”, “Красный поезд”, “Слонім” (у сааўтарстве”), “Ранесанс беларускага мястэчка”.
У 1997 годзе са сваіх сабраных калекцый слонімец стварыў этнаграфічны музей-майстэрню “Беларускае мястэчка” у Слоніме, на аснове якога дзейнічала культурна-асветнае таварыства “Вечавыя званы”. Я часта бываў у яго хаце-музеі, шмат гутарыў з Міхаілам Іванавічам. Ён быў вельмі апантаны жыццём чалавек, шмат ведаў, распавядаў. Але найбольш мяне, слонімцаў і гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі здзіўляла вялікая калекцыя старых рэчаў у хаце: ад кніг і паштовак да розных прасаў, посуду, гадзіннікаў, карцін, сярпоў і клямак. У пакоях хаты, у хлеўчуку, на гарышчы – усюды ляжалі яго калекцыі старых рэчаў. Цяпер у гэтай хаце на Жыровіцкай у Слоніме жывуць іншыя людзі. Памерла і яго жонка Ірына Рылко. А дачка ўсё нажытае і сабранае прадала і сёння жыве ў Польшчы.
Як і не было людзей, толькі дом нагадвае, што тут зусім нядаўна кіпела жыццё, прыязджала шмат гасцей, сярод якіх былі і пісьменнікі. У “Беларускім мястэчку” Міхаіла Рылко і проста ў яго доме раней часта гасцілі Віктар Шымук, Юрась Свірка, Алесь Ставер, Раман Тармола, Сцяпан Кухараў, Гаўрыіл Шутэнка і многія іншыя пісьменнікі. “Ужо колькі год, як мы з табой, Міхась, знаёмы, і я не ведаў, які ты ў сваёй чысціні і справядлівасці чалавек і літаратар, і патрыёт-беларус, які ўмее шанаваць дружбу і прыняць госця ў сваёй хаце. Такіх людзей, улюбёных у сваю справу, якія не шкадуюць сіл і таленту для шчасця і працвітання роднага краю, Бацькаўшчыны трэба ўсяляк падтрымліваць – яны зробяць больш, бо талент і працаздольнасць патрабуюць увагі з боку сяброў і калегаў, якія маюць на гэта права і такую магчымасць. Сяброўская падтрымка – гэта зорка ўдачы. Натхнення табе, дружа, плёну ў творчай працы і шчасця! Слонім, у гасцінным доме, што вядзе ў накірунку ў светлыя храмы ў Жыровічах, 23 кастрычніка 1980 года. Сцяпан Кухараў”. Такі запіс пакінуў паэт Сцяпан Кухараў Міхаілу Рылко на адной са сваіх кніг.
З Уладзімірам Караткевічам Міхаіл Рылко пазнаёміўся на адным са школьных вечароў у Слоніме начатку 1970-х гадоў. Школьнікі старанна чыталі, напісаныя паэтам вершы. Але Караткевіч не вельмі ўважліва іх слухаў. І раптам ён усхапіўся, схіліўся ў той бок, дзе адзін хлопчык пачаў чытаць паэтычныя радкі. Хлопчык-школьнік чытаў свой верш пра снежныя гонкі на лыжах. Лыжы ў яго аказаліся тупаносымі. І Уладзімір Караткевіч спытаў у хлопчыка, хто яму “змайстраваў” той нос, а потым перапытаў, ці сам ён гэта зрабіў, ці настаўніца? Паэту спадабаўся вобраз, а Міхаіл Рылко, які сядзеў недалёка, не зразумеў той вобраз. І спытаў у Караткевіча, ці не занадта “падручны” ва ўжыванні той вобраз. “А можа я пытаюся пра нейкае глупства?” – дадаў Міхаіл Рылко. Караткевіч шчыра рассмяяўся і сказаў, што ніякага тут няма глупства. “І каб упэўніцца ў тым варта да “тупаносых” дабавіць яшчэ “востраносых”, а можа нават і “бязносых”, калі можа выглядзець вось якраз у гэтым сэнсе, каб аказалася жаданне ажывіць верш”, — дадаў Уладзімір Сямёнавіч.
З Уладзімірам Караткевічам Міхаіл Рылко сустракаўся ў Слоніме яшчэ некалькі разоў. І нават тады, калі ён прыязджаў у Слонім да Алега Лойкі.
Пасля першага знаёмства, Ірына Рылко – жонка Міхаіла, неяк пад восень паехала ў Ялту на адпачынак. І там яна нечакана сустрэлася з Караткевічам, які адразу пазнаў знаёмую сланімчанку. Ірына Рылко самаахвярна тулілася пад не вельмі ласкавыя промні восеньскага сонца. Каб хоць неяк развесяліць жанчыну, Уладзімір Караткевіч напісаў экспромцік: “Я ляжу на пляжу і ад холаду дрыжу”. Пляжніцы нічога не заставалася, як толькі весела рассмяяцца.
Яны доўга размаўлялі, смяяліся, што аж пачулі рыбакі, якія іх вырашылі пачаставаць ухою. Справа ў тым, што мясцовыя аматары рыбы, як аказалася, даўно ведалі Уладзіміра Сямёнавіча. І яны запрасілі Ірыну з Уладзімірам пакатацца на баркасе, выйсці ў адкрытае мора. І тыя пагадзіліся…
У Міхаіла і Ірыны Рылко шмат гадоў захоўвалася кніга “Мая Іліяда” Уладзіміра Караткевіча з аўтографам: “Мілым Ірыне і Мішы – з боскага цудоўнага Слоніма. – Уладзімір, 24.04.71.”. Дзе цяпер гэта кніга – я не ведаю.
Міхаіл Рылко
Уладзімір Караткевіч
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя