Уладзімір Куц: Мусім падтрымліваць памяць пра літаратараў Полаччыны



Уладзімір Куц нарадзіўся ў 1950 годзе на Глыбоччыны. Скончыў школу марской адукацыі ў Балтыйску, ваенна-марское вучылішча ў Кіеве і Маскоўскі юрыдычны інстытут. Працаваў у грамадзянскім і ваенным флоце. Па завяршэнні сваёй марской кар’еры пераехаў жыць у Полацак. Дзе працаваў вядучым юрысконсультам, прыватным адвакатам, выкладчыкам права ў Полацкім універсітэце. У Полацку далучыўся да мясцовых літаратурных суполак. 

РР: Нярэдка людзі пачынаюць займацца літаратурнай у сталым узросце. Я ведаю шмат людзей, якія выходзяць на пенсію і пачынаюць пісаць. Як з вамі гэта было? У якім узросце вы пачалі пісаць?

Уладзімір Куц: Я родам з Глыбоччыны. Вёска Чарневічы. Закончыў там школу. Пісаў я з дзяцінства. Друкаваўся яшчэ разам з Марыяй Баравік, яна жыве ў Падсвіллі, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, у тагачаснай раённай газеце «Шлях перамогі», цяпер яна называецца «Веснік Глыбоччыны». З маёй школы Тамара Чабан. З маёй школы Яўгенія Барысёнак. Алесь Жыгуноў у маёй школе працаваў. А праз раку – касцёл у Задарожжы. Там пахаваныя маці і дзед пісьменніка Аляксандра Грынеўскага. Я многім задаю пытанне, але людзі мала ведаюць пра яго. А калі я кажу: а хто напісаў «Алые паруса», «Бегущие по волнам»? Аляксандр Грын. Гэта і ёсць Грынеўскі.

РР: А якім чынам вы даведаліся пра літаратурнае аб’яднанне «Наддвінне»? І ўвогуле, што для вас «Наддзвінне»?

Уладзімір Куц: Жыць у Полацку і не ведаць пра „Наддзвінне” цяжка. Гэта гістарычная суполка. З яе выйшаў Пятрусь Броўка, ну яго ведаюць. Менш ведаюць Эдуарда Самуйлёнка, Анатоля Астрэйку. Тут таксама былі маладнякоўцы Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Алесь Звонак… На жаль, гэтыя імёны кепска ведаюць нават супрацоўнікі нашай раённай газеты. Нават цмяна ўяўляюць, хто такі Янка Журба, якому ў свой час на помніке падпіс зрабілі з памылкай „Янко Журба”. Я працаваў у ЖКГ юрыстам і спрыяў, каб паэту новы помнік паставілі. І новы помнік з’явіўся. І на ім напісана: «Беларускі паэт Янка Журба».

РР: Што для вас каштоўнае ў «Наддзвінні». Тое што вы збіраецеся разам, выступаеце? Тое, што выдаеце альманах?

Уладзімір Куц: Усё каштоўнае. Раней мы выдавалі свой альманах адзін раз у два гады. Цяпер – раз у тры гады. Гэтымі днямі мы працуем над новым выпускам. Мы – гэта старшыня літаратурнага аб’яднання Валянціна Сопікава, рэдактар «Наддзвіння» Людміла Мяхедка (Фёдарава). А я – старшыня творчай рады аб’яднання.

Уладзімір Куц друкаваўся ў розных літаратурных перыядычных выданнях і ў многіх калектыўных зборніках. Аўтар кнігі паэзіі „Кругазварот”.

Цалкам гутарка:

Гутарыў Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя