Уладзімір Някляеў: Калі і злепяць серыял, то гэта будзе вадэвіль



Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў пракаментаваў прапанову міністра інфармацыі Ліліі Ананіч здымаць серыялы пра «слаўную беларускую гісторыю і сацыяльныя дасягненні» ўладаў.

Уладзімір Някляеў: Відаць, пад гістарычнымі дасягненнямі маецца на ўвазе бесперапыннае кіраўніцтва Лукашэнкі, якому чыноўнікі служаць і лічаць галоўнай гістарычнай асобай. І з гэтай жа асобай, напэўна, звязваюцца і “сацыяльныя дасягненні”, хаця і тое, і іншае – рэчы сумнеўныя. Але, калі ўспомніць, што, як казаў правадыр, самым важным мастацтвам з’яўляецца кіно, то, канешне, у кіно можна ўсё перайначыць і перамайстраваць, каб думалі, што і насамрэч так і ёсць. Увогуле, чым бліжэй канец гэтага рэжыму, тым больш людзі, якія яму служаць, будуць прадпрымаць высілкаў, каб падаць рэжым у самых выгадных ракурсах для будучыні. І ў гэтым плане яны працуюць не толькі на Лукашэнку, але і на сябе, бо тады ў іх ёсць як бы апраўданне перад сваімі дзецьмі і ўнукамі. Маўляў, быў вялікі правадыр і былі такія ж дасягненні. Але гэта ўсё гульні, якія ні да чаго не прывядуць. Бо якраз гэты рэжым і стварыў сітуацыю, калі сапраўдныя мастакі (музыкі, літаратары, кінематаграфісты), не маючы тут магчымасці нармальна працаваць, разбегліся хто куды. І засталіся “падзельшчыкі”, якія з эпахальнай задумы Ананіч, калі нешта і злепяць, то гэта будзе вадэвіль.

РР: Зыходзячы з масштабаў “дасягненняў”, ці вялікі можа атрымацца серыял?

Уладзімір Някляеў: Мастацтва – тонкая рэч. Чым менш ёсць факталогіі ў змесце, тым больш можна напрыдумляць. Так што ў дадзеным выпадку магымасці неабмежаваныя. Але, калі браць рэаліі, то выяўляць асабліва і няма чаго.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя