Уладзімір Някляеў: Можа быць, ён яшчэ паспявае на нябеснай сцэне для анёлаў



Паэт і палітык Уладзімір Някляеў успамінае пра сваё сяброўства з Аляксандрам Ціхановічам.

Нагадаем, сёння адбылося развітанне з народным артыстам Беларусі Аляксандрам Ціхановічам. Спявак легендарных “Верасоў” пахаваны ў Менску на Маскоўскіх могілках.

Уладзімір Някляеў: З Сашам Ціхановічам мы сябравалі доўга і, можна сказаць, зацята. Ён быў чалавекам з характарам. Мог успыхнуць, як порах, а затым даволі хутка і згасаў. Гэта адна з якасцей сапраўдных артыстаў, у якіх моцныя эмоцыі пераважаюць над усім. Напрыканцы 70-х мы пазнаёміліся, у 80-я супрацоўнічалі. Так доўжылася да сярэдзіны 90-х, калі прыйшоў чалавек, які людзей, што былі аб’яднаныя музыкай і вершамі, пачаў раз’ядноўваць палітыкай. Памятаю, пасля Плошчы-2010, калі я ўжо выйшаў з турмы, і мяне вызвалілі з пад хатняга арышту, адбылася мая сустрэча з Сашам Ціхановічам. І ён тады сказаў, што перад ім паставілі ультыматум – альбо нармальна працаваць, альбо сустракацца з Някляевым. Мы пагутарылі, як бы развіталіся да лепшых часоў, але не прайшло і месяца, як Саша ізноў прыехаў да дома, дзе я жыву і прапанаваў “пакатацца”. Так мы з ім час ад часу і каталіся, і вялі свае размовы. А, калі трэба, то і пісалі песні.

РР: Колькі было песень на вашыя словы?

Уладзімір Някляеў: Каля дзесяці. І, калі Саша распавёў пра ўльтыматум, які яму паставілі, я яго зразумеў. Зразумеў, што значыцца артысту застацца без гледачоў і без сцэны. Без сцэны Саша яшчэ раней бы злёг у зямлю, а атмасфера залы, як жывая вада, давала яму дадатковыя сілы. Аляксандр Ціхановіч быў абсалютна непалітычны чалавек, ён быў чалавек песні. Як кажуць, кожнаму сваё.

РР: А да таго ж, ён быў сапраўдным вернікам…

Уладзімір Някляеў: Так, да гэтага ён прыйшоў яшчэ раней і быў вернікам, які любіў Бога, а не толькі чакаў, што Бог яго палюбіць. Саша шмат у чым быў слабы, але ў нейкіх момантах – і вельмі моцны. І ўсё-такі ён утрымаў наша сяброўства, бо па жыцці вельмі цаніў нітачкі, якія звязваюць людзей. Звязваюць спевака і гледачоў. Яго любілі людзі, і гэта адчувалася. Той, хто быў у зале, бачыў, што Аляксандр Ціхановіч не проста спявае песні, а любіць тых, хто прыйшоў на яго канцэрт. Можа быць, Бог, усё гэта ведаючы, дасць яшчэ пастаяць яму на нябеснай сцэне і паспяваць для анёлаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя