Уладзімір Някляеў: Сапраўдныя “Песняры” скончыліся са стратай Уладзіміра Мулявіна



1 верасня “Песнярам” споўнілася 45 гадоў. Паэт Уладзімір Някляеў распавядае, якім яму запомніўся легендарны ансамбль.

Уладзімір Някляеў: “Песняры” для мяне – гэта найперш Уладзімір Мулявін. Гэта феномен рускага чалавека, які нарадзіўся на Урале і стаў тым, хто распазнаецца беларусам. Па сутнасці, ён стаў у свой час вобразам Беларусі. І гэта, што мяне больш за ўсё ўражвала, было ў яго натуральным. Працуючы з ім (а мы рабілі разам праграму), я бачыў, як яму натуральна, а не сцэнічна пачуваецца быць беларусам.

РР: Многія сёння кажуць так: “Песняры” у свой час стварылі мастацкі цуд…

Уладзімір Някляеў: Яны зрабілі не толькі мастацкі, але і яшчэ адзін цуд. Той, які зрабіў Гогаль для ўкраінскай мовы. Гогаль увёў украінскую мову ў кантэкст рускай, а Мулявін тое ж самае зрабіў з беларускай мовай. Паўтаруся, гэта ў нас зрабілі не пісьменнікі, а менавіта “Песняры”. Да гэтага немагчыма было ўявіць, каб рускія слухалі і спявалі дзе-небудзь у Сібіры беларускамоўныя песні. Але “Касіў, Ясь, канюшыну” і іншыя песняроўскія хіты спявалі ўсюды. У агульнаграмадскім сэнсе, як мне падаецца, гэта найбольшы здабытак “Песняроў”. На жаль, як мы бачым, тое, што зрабілі Гогаль і Мулявін, не надта сёння дапамагае Украіне і Беларусі. У палітычным кантэксце Расея па-ранейшаму разглядае Беларусь і Украіну як нейкія недадзяржавы, а іх культуру – як нейкую недакультуру. Гэта, відаць, тое, што ўласціва выключна толькі Расеі і яе культуры.

РР: Сёння у Беларусі існуе некалькі клонаў “Песняроў”. Як вы да іх ставіцеся?

Уладзімір Някляеў: Мяне мала цікавяць гэтыя клоны. Я разумею, што ёсць брэнд, на якім можна зарабіць грошы, і няхай сабе хлопцы зарабляюць. Але да таго, пра што я сказаў, яны дачыненняў не маюць. Сапраўдныя “Песняры” скончыліся са стратай Уладзіміра Мулявіна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ria.ru