Уладзімір Някляеў: У сваім узросце ўжо магу сабе дазволіць казаць пра сябе чыстую праўду
З пісьменнікам Уладзімірам Някляевым пра прэзентацыйны тур яго новай кнігі «Гэй Бэн Гіном» у Польшчы і ідэю напісання кнігі размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
Фота l.stepaniuk
РР: У шматлікіх гарадах Польшчы адбыліся прэзентацыі. Як яны адбыліся? Там прыходзілі беларусы, якія вось беларусы прыходзілі?
Уладзімір Някляеў: У большасці былі, але на кожнай сустрэчы былі і палякі. Але большасць, безумоўна, беларусаў, як і чакалася. Для іх выдавалася гэтая кніга, і для іх прыдумаўся гэты праект. Дарэчы, я ўдзячны Яраславу Іванюку і “Камунікату”, што яны прыдумалі такі праект. Я меў на ўвазе проста выданне кнігі, бо хочацца, калі ты напісаў кнігу, каб яна была. Я ў гэтым сэнсе такі заскарузлы традыцыяналіст. Мне прапаноўвалі аўдыёкнігу, электронны варыянт, але я хачу ўзяць у рукі і мець рэч.
Вось ён прыдумаў гэты ваяж па Польшчы, і я вельмі яму ўдзячны. Я столькі сустрэў людзей, і сваіх знаёмых , блізкіх знаёмых, якія з’ехалі, і якіх я ўжо не магу ўбачыць у Менску. Сустрэчы былі запамінальнымі і з тымі, каго я не ведаў. Іншым разам проста я не ведаў, што мне рабіць з маім сэрцам, калі адчуваў не проста ў словах, а ў іх вачах, постацях, у голасе вось гэты боль, з якім яны пакінулі Беларусь.
РР: Вы праектам называеце менавіта гэтыя сустрэчы, так? Бо цяжка назваць праектам раман, над якім вельмі доўга працавалі ў розных краінах, і які, напэўна, вельмі доўга абдумвалі?
Уладзімір Някляеў: Раман гэты я пісаў даўжэй за ўсе папярэднія творы – чатыры гады. А задумваў я яго ўвогуле даўно, і не як раман, а нешта такое, звязанае з Купалам, напісаць. Я, што тут хаваць, спаборнічаў з Купалам. Калі я стаў пісаць вершы, у мяне пайшлі кнігі, і там з’явіліся больш-менш значныя рэчы, дарэчы, а ў маладосці я спаборнічаў з Багдановічам, а калі ты спаборнічаеш з Купалам, ды і з кім заўгодна іншым, ты пачынаеш шукаць яго слабыя месцы. каб яго перамагчы. Вось і ў Купалы пачаў шукаць яго слабыя месцы, і некаторыя пазнаходзіў. Вось гэтыя яго „дрындушкі”, як ён сам напісаў, вершы, скіраваныя да ўлады, на паслугу ўладзе. Гэты ягоны іканастас на грудзях, усе ягоныя прэміі.
І калі я пачаў пісаць, у мяне не было думкі, што апроч Купалы ў рамане можа быць нейкі іншы асноўны персанаж. А пасля з’явіўся малады паэт з прозвішчам Магер, які вось са спаборніцтва першыя крокі ў рамане і пачаў. Ён не хавае свайго паходжання, там відавочныя аўтабіяграфічныя моманты, гэты персанаж і нарадзіўся там, дзе я, і мае прозвішча маёй маці, і напісаў ён тое, што я напісаў. Карацей, я не хаваўся ў гэтым выпадку.
Дык вось, якая дзіўнаватая рэч адбылася – я вырашыў аб’ектыўна напісаць гэты раман. І калі гэты паэт, які спаборнічаў з Купалам і вышукваў яго слабыя месцы, заўважыў сваё першае слабое месца, я падумаў, што яго трэба вывесці з гэтага слабога месца. Што ён будзе слабіну даваць? А ён не хоча выходзіць. Ён хоча праўдзіва пісацца. Калі ты апісваеш амаль самога сябе, дык будзь самім сабой, што тут ты будзеш выдумляць. Я падумаў, што я ў сваім узросце ўжо магу сабе дазволіць казаць пра сябе чыстую праўду.
Фота l.stepaniuk
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Падрабязна пра прэзентацыю ў Беластоку чытайце на нашым сайце заўтра, 2 снежня.
Беларускае Радыё Рацыя